- А так сабе дружака.

- От, можа, сваяком зараз будзе.

- Гэта ўсё, што хто, васпане, гаворыць... Калi што ў яго i было, дык ён за сваё адпакутаваў... А можа, яму самому гарчэй за каго. Што яму кiваць, васпане, туды, дзе ён i сам бачыць. А цяпер ён прападае без сталай гаспадынi. Што ж, сёстры гэтыя дзве на вылёце з хаты - дзякуй Богу, абедзве не маладзенькiя.

- Можа, даўно замужам былi б, каб не гэтакi брат. Можа, нiхто i браць не квапiць з гэтакае хаты.

- А што яны вiнаваты!

- I старэйшая гэтакая самая. Яна ж i памагала яму нябожчыцу грызцi; усё ж i падвучвала, а без падпалу дровы не гараць. Можа б, гэта i ёй трэба было з iм разам у астрог сесцi.

- А маладзейшая, дык гэтая - чалавечая душа. Пра яе што хто скажа.

- Але, гэта iнакшая.

- Жывучы, васпане, i так i гэтак бывае.

- Не ўспеў яшчэ ад астрога ачухацца за першую жонку, як ужо другую бярэ. От ахцак!

- Ды i гэтую бярэ за пасаг... Ты, Варывоне, думаеш, што гэта ён як-небудзь iначай?

- А гэтым сiратам дабра як не было, так i не будзе.

- Дзе iм тое дабро!

- У нас, васпане, калi на чалавека навалiцца бяда, дык усе толькi дакопваюцца яго грахоў...

- А што ж, яго па галоўцы гладзiць?

Варывон Вiлач пайшоў. Якуб Малькевiч зноў загаварыў:

- Усё роўна ж i сам сабе бяды нарабiў. Што гэта яму, вельмi шчасце самому цяпер вялiкае, што два гады сядзеў, што людзi пальцамi паказваюць? Патом не будзе мець спакою ён. А ўсё горла шырокае, зайздроснае, вока няпоўнае. I сам сабе, гад, жытку атруцiў, i дзяцей пасiрацiў. Колькi б нi сядзеў, усё роўна таго не адседзiш. Што зрабiў - назад не вернеш. Нежывога з магiлы не падымеш. Што меў адразу, у маладыя гады ўзяць сабе добрую дзеўку ды жыць, як добрыя людзi, дык от бярэ гэтае пакiдзiшча.

- Роўны роўнага ўбачыў.

- А Вiлачу абы з хаты збыць братаву ўдаву. Гэтаму што!



2 из 11