
- А яна ж таксама нiкому свайго не перапусцiць.
- Што свайго, ёй i чужога мала!
Пасля таго як госцi падпiлi, у хаце стала шумна. Больш за ўсiх гаварыў Варывон Вiлач. Твар у яго быў чырвоны, а голас гучны, з лёгкай хрыпатою.
- Мёртвым неба, а нам, васпане, выпiўка. Пускай, Хведар, чарку да свахi.
- Мае галубочкi, да мяне i першую чарку пускалi, i другую, i... я ўжо ўпiлася.
- Што гэта вы?
- Яшчэ адну, цётка Аўгiння:
Сваха пiла ўсё з прыказкамi:
- Каб не стаяў над душой сват-прыганяты, вып'ем па пятай. Хi-хi-хi...
Сам Хведар не лiшне пiў i не лiшне пiльнаваўся "маладой". На тую ўсё налягала Аўгiння:
- Нешта ж ты, Зося, не п'еш. Нi калi бывае. Пускай гарэлку, не трымай усiх. Няхай людзi вып'юць.
Варывон гаварыў Хведару:
- Мы гэта, васпане, прыйшлi, можна сказаць, у гэтыя самыя аглядзiны так сабе. Што, мы ў цябе ў хаце нiколi не былi, цi што? Мы гэта ў госцi прыйшлi, а не ў аглядзiны нават. Што, мы не ведаем, як ты жывеш, цi што? Мы будзем, васпане, лiчыць, што гэта ты нас сабе ў госцi паклiкаў. А раз мы, васпане, будзем сваякамi, дык мы з дарагою душою прыйшлi. Дык я ж кажу. Як нябожчык брат памёр, вечны пакой, дык мы ж не былi падзелены, ты ж сам ведаеш. Мы сабе жылi гэтак, як з табою, васпане, будзем жыць. Дык я яму i гавару, калi ён канаў: я, кажу, васпане, твае Зосi не скрыўджу. Яе частка заўсёды будзе пры ёй. I я ад яе не адбiраю нiчога i не хачу што-небудзь скруцiць. У нас гаспадарка адна. Дам я за ёю, васпане, кабылу, цялушку i два, васпане, падсвiнакi. А там якое драбязы - збожжа цi што сабе яна трохi захоча, дык я цанавацца не буду. Мы памяркуемся.
Хведар зусiм ужо адцягнуў яго ад стала.
- Не, браце, ты мне дай не кабылу, а жаробку.
- Што табе гэтая жаробка, яна не лiшне складзiстая. А кабыла добрых жарабят, васпане, водзiць. Гэта завод!
- Дык i жаробка ад гэтай самай кабылы. А ты кажаш, што вельмi добрыя жарабяты.
