
- А як, васпане?
- А так што, я ж кажу, мы лiшне спрачацца з табою не будзем...
- Не, не, васпане, што не - то не, спрачацца не будзем...
Аўгiння зноў устрапянулася:
- А дзе ж гэта дзецi? Хай бы яны па паўчарачкi выпiлi. Шмат не можна, а трошкi - няхай паспытаюць.
Зося адразу выявiла клапатлiвасць новай мацi:
- Але дзе ж гэта малыя?
Агледзела трохi санлiвымi ад гарэлкi вачыма хату i, кiўнуўшы галавою Матыльдзе, вылезла з-за стала. Яна ўжо назвала Матыльду братаваю:
- Хадзем, братавенькая, да малых.
I ўзяла Матыльду пад руку.
У маленькай бакоўцы стаялi два ложкi i памаляваны столiк. Скрозь на сцяне вiсела адзежа, i вельмi было тут цесна.
На ложку сядзела заплаканая Анэта i трымала на каленях малога хлопчыка. Большы сядзеў на другiм ложку, як стары, успёршыся локцямi на каленi i падпёршы iмi твар. Ён наморшчыў лоб, падняў вочы i глянуў на Зосю i Матыльду. Зося пагладзiла яго па галаве.
- Няхай бы ты, сынок, туды, да таты, падышоў.
I Матыльда падышла да яго:
- Можа, ты з'еў бы чаго?
У Анэты зморшчыўся твар. Зося села поплеч з ёю. Матыльда, глянуўшы на яе, сцiснула губы.
- Нешта, мусiць, нездарова, Анэта, што сядзiш тут адна?
Зося прыхiнулася блiжэй да яе i пастаралася паказаць ласкавай усмешкай шчырае спачуванне. Анэта блiжэй прыгарнула да сябе малога. Тады ўскочыла вёрткая Аўгiння:
- Дайце ж сюды сыночка, няхай жа ён да стала падыдзе. Хадзем жа да таткi.
Яна папрабавала сцягнуць з ложка большага.
- Не хачу!
- Чаму? Чаму ж ты не хочаш?
- Не чапайце яго! - жорстка сказала Анэта.
- Чаму? - шчыра здзiвiлася Аўгiння.
- Таму...
Матыльда пастаралася ўлагодзiць усiх, каб спынiць гэтакiя непаразуменнi:
- Няхай бы ты, Анэта, гасцям гарбату падала.
