- Н-ну, жаробка не ўдалася. Як цявiна. Бывае. Што меў ты, васпане, гэтую жаробку (яна ж як дошка, паглядзi, якi ў яе зад!) меў ты браць, дык я табе як добра - гатовую кабылу i... Што табе гэтая жаробка ў вока ўпала!

- Кабыла ўжо ў гадах.

- Ты, васпане...

Але тут сваха падцягнула яго да стала:

- Цераз вас, Варывоне, людзi не п'юць. Пускайце чарку.

Хведар падсунуўся следам за Варывонам i ўсё шаптаў сам сабе разважлiва:

- Такi, мусiць, жаробкi не дасць. От як упяўся. Тады няхай хiба яшчэ колькi авечак накiне...

- Накiнь авечак, - сказаў ён, падсунуўшыся да Варывона.

- З авечкамi нешта, браце, нядобра. Сам жа ведаеш, пазводзiлiся.

Раптам сваха ўстрапянулася:

- А дзе ж гэта паненкi?

- Матыльда, васпане, тут.

I, глянуўшы сабе пад локаць, Варывон не ўбачыў Матыльды.

- Нясу гарбату, - сказала Матыльда, з'яўляючыся ў дзвярах з кухенькi.

- А я бо, васпане, гляджу, у брата, можна сказаць, гэтакi дзень сёння, а сястра ўцякае. А дзе ж Анэта?

- От гэта мне не падабаецца, - устрывожыўся раптам Хведар. - Калi яна маладзейшая сястра ды калi яна за нашымi галовамi была ў хаце за паненку, дык чаго яна яшчэ цяпер тут свае камэды паказвае. Дзе яна дзяецца! Я не пасаромеюся i перад людзьмi скажу.

У Матыльды жоўты i злосны ад прыроды твар яшчэ пажаўцеў:

- Надулася, як смоўж, i сядзiць у бакоўцы.

- Чаго яшчэ ёй трэба? Анэта!

- Ат, можа, яна нездарова, пускайце, мае родныя, чарку, - падагнала Аўгiння.

Хведар раптам зноў сеў i прыгнуўся да Варывона:

- Ну то давай нечага будзем канчаць гаворку, трэба ж рабiць якi-небудзь лад.

- Я, васпане, не адказен хоць цяпер лад зрабiць... Што ж, Зося засталася бяздзетнаю, малое яе як памерла...

- Гэта то ўсё нiчога. Што ты мне пра гэта гаворыш... Пра дзецi ўспамiнаеш? Дык што, калi ў мяне на руках iх двое - майму чацвёрты год i яе, нябожчыцы, - восьмы год. Што ж з таго! Большы ўжо гатовы пастух. А ў мяне гаспадарка!



4 из 11