Але нiякавасць гэтак шпарка не прайшла. Зося пайшла следам за Анэтаю, а за Зосяю Хведар.

- Не варт iсцi, васпане, - зазлаваў раптам, сам не ведаючы з якой прычыны, Варывон Вiлач.

- Ты што гэта? - сказаў Хведар Анэце яшчэ здалёк.

- Вам, можа, што трэба сказаць, братавенькае, цi што...

- Ат, - з'явiлася раптам Матыльда, - што тутака лiшне браць у шух. Калi ўжо на тое пайшло, дык тут жа льга сказаць у адкрытую.

- Але, васпане.

Ён ужо стаяў у дзвярах, вялiкi, плячысты, як гара.

- Панна Анэта, васпанна.

- Я не панна i не васпанна!

- Ого!

- Я вас прашу, iдзiце вы i не чапайце вы гэтых малых! Што яны вiнаваты перад вамi цi перад кiм!

- Ого!

- Што табе не падабаецца?

Анэта закрыла рукамi твар i пайшла. Перад ёю расступiлiся ў дзвярах, далi ёй дарогу. Малыя кiнулiся за ёю:

- Куды ты, цёця!

- Не iдзi!

- А мой сынок, - абазваўся Хведар, - куды ты, чаго ты, хадзi да мяне. Iдзi от да цёцi Зосi, да яе... Гэта ж мама.

- Да мамы iдзi, васпане...

- Цёця Анэ-э-эта, - заплакалi малыя ўдваiх i кiнулiся бегчы.

Анэта ўжо стаяла ў кухонных дзвярах.

- Яны баяцца чужых людзей, - сказала Матыльда. - Анэта, куды ты?

Дзецi сталi каля Анэты.

Хведар iрвануўся.

- Анэта, што гэта?

- А гэта што? - крыкнула Анэта. - Ты думаеш, дзецi нiчога не ведаюць? Ты думаеш, яны не ведаюць больш за цябе? Ты думаеш, яны не бачаць, што ты за бацька? Што каля iх робiцца?! А ты памятаеш, як гэты большы крычаў i людзей ззываў, калi ты бiў яго мацi? Можа, ты яго навек скалечыў гэтым самым. Можа, ён iншым цябе i не можа бачыць, як з узнятым паленам над яго нябожчыцаю маткаю. Можа, тое, што ён убачыў тады, навек сядзiць у яго сэрцы i, колькi ён будзе жыў, нiколi не вытравiцца з яго. Што ты тутака развёў гандаль перад iмi - цераз гэты гандаль i тады сям'ю раскiдаў i цяпер моцнай не зробiш! Як тады было не вяселле, а нейкi гандаль, дык i цяпер тое самае. Не навучыў цябе i астрог; хоць бы ты малых дзяцей пашкадаваў...



7 из 11