- Што ты мяне, гадаўка, сарамацiш перад усiмi людзьмi...

- Я табе гэта i без людзей гаварыла, кожны дзень дзяўбла табе ў галаву, што зноў пасля пачнецца калатня ў хаце, толькi што тады гатова больш сiрат застацца.

- А Божа ж мой, - заплакала Зося.

- Васпане Хведар, што гэта робiцца?

- Цi ты ж не бачыш, што ён цябе бярэ не як жонку, а як пасаг. Яму ж мала, яму ж - ён i сам не ведае, колькi яму трэба, каб утхланiць сябе.

- Анэта!

- Гэты большы - дык, можа, i не дзiва гэта, што ён цябе баiцца. Але тваё дзiцянё - чаго гэта яно ад цябе ўцякае, чаго гэта яно дрыжыць перад табою...

- Ты нагаворваеш дзецям на бацьку, ты сама адбiваеш iх ад мяне!

- Што ты робiш з свае хаты?!

Варывон адцягнуў Хведара да стала i сiлком пасадзiў на лаву. Госцi заварушылiся; Аўгiння выцiскала слёзы i цёрла далонню сухiя вочы. Твар у Матыльды больш яшчэ пажаўцеў, i сцiснутыя губы зрабiлi яго больш худзейшым.

- Дзецi, васпанна, доўга не бачылi яго i яшчэ не прывыклi.

- I не прывыкнуць нiколi. У дзiцячую душу што западзе, нiколi, колькi i жыць будзе чалавек, не вытруцiцца адтуль.

- Дык як загадаеце, васпанна Анэта, брату свайму Хведару: жанiцца яму цi не. Хэ-хэ-хэ! А нам як: пабыць яшчэ тут трохi цi зараз жа выносiцца з хаты?..

- Чаго ж ты маўчыш, сястрыца мая, можа, чакаеш, каб я цябе папрасiў?

Зноў яго сiлком абсадзiлi на лаву.

- Хэ-хэ-хэ, мы не ведаем, што нам рабiць, васпанна.

- Што рабiць? Зараз жа вон адгэтуль усе! Усе зараз жа!

- Божа мой, - залiлася слязьмi Зося, стукнуўшы локцямi аб стол.

Хведар быў белы як палатно. Губы яго сцiскалiся i дрыжалi. Дзецi трымалiся за Анэту i плакалi.

- Ты думаеш пра дзецi цi не?

- Гэта каб падзякаваць, мусiць, мне, што я iду гадаваць чужыя дзецi, закрычала Зося, выбегшы на сярэдзiну хаты.



8 из 11