
Нейк раз вечарам уся наша кампанiя абедала ў Мiрыям Джэнiнгс, якая жыла па той бок Iст-Рывера на Лонг Айлендзе ў арыгiнальным доме ружовага колеру. У нашым гуртку яна адна была багатая i магла прыняць разам усiх... Вы ведаеце Мiрыям Джэнiнгс па галiвудскiх фiльмах. Вы ёю захапляецеся, i не без падставы. Гэта - вялiкая актрыса. Але мала хто ведае, што гэта кiназорка была ў свой час проста жанчынай...
Яна была з тых, каго амерыканцы называюць "школьнымi нявестамi". Дачка святара, яна выхоўвалася на шчодрую дапамогу ў адным з лепшых каледжаў i вырасла дзяўчынай прыстойнай i пiкантнай. Скончыўшы школу, яна выйшла замуж за Джэнiнгса, старога мiльянера, якi да гэтага разоў пяць разводзiўся, i да такой ступенi быў нудны, што нiяк не мог падабраць сабе жонку без папярэдняга кантракта на вялiкую суму, але, i пры гэтай умове, больш двух гадоў нi адна з яго жонак не вытрымлiвала. Учынак Мiрыям быў дзiўны, i не скажу, каб пахвальны, але яна ўсё як след прадумала i добра сыграла сваю ролю. Разлiк яе быў такi: цярпець два гады брыдкага, а можа, i агiднага мужа, каб заваяваць сабе незалежнасць на ўсё астатняе жыццё. Яна развялася з Джэнiнгсам пасля цiкавага падарожжа ў Iталiю. Гэта было зроблена без шуму, без сваркi, i стары дзiвак, каб адзначыць разлуку, наладзiў пышны банкет, на якi былi запрошаны ўсе шэсць жонак... Але, як кажа Рэдыярд Кiплiнг, гэта ўжо другая гiсторыя.
Дык вось, уявiце сабе вечарынку ў Мiрыям: срэбныя кандэлябры... свечкi ружовыя i блакiтныя... святло мяккае... закускi далiкатныя, амаль эўрапейскiя... шампанскага ўдосталь... Жанчыны бялявыя, i ўсе крыху пад чаркай... Пасля абеду селi гуляць у покер. Я ў карты невялiкi мастак. А ў гэты вечар мне асаблiва не шанцавала. Я быў па вушы закаханы ў Мiрыям, i ёй падабалася дражнiць мяне, распальваць маю рэўнасць. Пад поўнач у мяне не было ўжо нi цэнта, i, калi я ўбачыў Мiрыям каля Эрнеста Франца, музычнага крытыка, да якога яна ледзь не тулiлася, прымушаючы гэтага педанта пiць вiно, я раптам заявiў, што стамiўся, што заўтра ранiцай у мяне работа i што я iду спаць.
