Уся кампанiя шумна запратэставала. Каля майго палiто i капелюша завязалася сапраўдная бойка. Мяне нiзашто не адпускалi. Мiрыям села мне на каленi i пачала абдымаць. Але я, змарыўшыся за вечар, ад свайго не адступаў. Тон спрэчак, спачатку вясёлы, стаў нарэшце прыкры, i скончылася тым, што я нагаварыў iм грубасцей. Няньчыцца са мной iм надакучыла. Я аплацiў свой пройгрыш, нейкую фантастычна завышаную суму, i збiраўся ўжо ўцячы, але, праверыўшы кiшэнi, пераканаўся яшчэ раз, што ў мяне няма грошай нават на таксi. Пачаў накрапваць дождж. Дом Мiрыям быў вельмi далёка ад майго гатэля, апроч таго, я дрэнна сябе адчуваў пасля шматлiкiх кактэйляў i шампанскага. I я адважыўся прасiць у гэтых п'яных вар'ятаў, цi не дасць мне хто з iх адзiн даляр. Зразумела, яны зноў прычапiлiся да мяне, прабуючы затрымаць. Усе са смехам адмовiлi, абяцаючы даставiць мяне ў сваёй машыне, калi я iх пачакаю да шасцi гадзiн ранiцы. Мяне ўжо разбiрала злосць, але тут Мiрыям дастала з сумачкi адзiн даляр i падала мне:

- Вазьмiце, мой мiлы, я адна ў вас сяброўка без эгаiзму... Я хачу вас мець пры сабе i таму даю сродак збегчы... Спакойнай ночы.

I яна дакранулася губамi да маёй шчакi. Я паспешна схапiў даляр, пацалаваў Мiрыям i выскачыў пад шалёныя крыкi i дружны рогат.

Густая iмжака ляпiлася мне на твар i на рукi. Пустыя вулiцы. Нiзкiя змрочныя дамы. Увесь квартал нiбы вымецены таямнiчай варожай сiлай. Я не ведаю нiчога больш вясёлага, як Ню-Ёрк Пятага авеню, з яго лёгкiмi палацамi на цудоўных абрусах белага святла. Але, калi адысцi ад галоўных вулiц, аблiчча гэтага горада мяняецца са страшэннай хуткасцю. Цi то гангстэрскiя фiльмы далучылi ў нашым уяўленнi да гэтых дэкарацый раптоўныя лютыя драмы? Не ведаю, але, як толькi я пакiдаю рухомыя агнi Брадвея альбо цiхую пышнасць Цэнтральнага парка, мяне ахоплiвае туга.



3 из 10