Праз хвiлiну, па-ранейшаму трымаючы яе за руку, я iшоў разам з ёю па кладках моста i няскладна паўтараў:

- Ну, што гэта з вамi?.. Што гэта з вамi?.. Што здарылася?.. Вас кiнуў мужчына?.. Магу вас запэўнiць, што памiраць праз гэта не варта... Каб вы толькi ведалi, колькi разоў я сам у нядобрую часiну жадаў знiкнуць... Нават толькi што я б не дорага даў за жыццё, а цяпер вельмi рад, што апынуўся тут, каля вас.

Яна не адказвала. Праходзячы пад лiхтаром, я разгледзеў яе лепш. Яна была не проста прыгожая, а рэдкай красы жанчына. А вы ведаеце, якi я ў той час быў сентыментальны. Вострае спачуванне, рамантычныя абставiны, лёгкае ап'яненне, злосць на Мiрыям - усё гэта спрыяла таму, што, дайшоўшы да канца моста, я нiчым, апроч гэтай невядомай, больш не цiкавiўся. Мы мiнулi паставога, якi глянуў на нас з падазронасцю. Я баяўся, каб мая спадарожнiца не зрабiла новага глупства, але яна не супрацiўлялася, iшла побач i толькi цiхенька плакала... Вы, напэўна, думаеце, што я мог бы тут жа здаць яе палiсмену i вызвалiць сябе ад усякай адказнасцi? Так то яно так, але ж я не ведаў, а можа, у гэтай даведзенай да адчаю iстоты былi сур'ёзныя прычыны пазбягаць палiцыi... А потым, я павiнен прызнацца, што прыгода гэта абудзiла ва мне цiкавасць i хацелася зрабiць нешта добрае.

Перабраўшыся цераз мост, я крыху супакоiўся, але тут яшчэ адзiн клопат. Куды мне дзець гэтую маладую жанчыну? Пакiнуць яе на вулiцы? Яна iзноў пабяжыць тапiцца. Завесцi ў мой гатэль? Гэта немагчыма. Правiлы ў амерыканскiх лепшых гатэлях былi тады вельмi строгiя, i лiфцёр не прапусцiў бы мяне з ёю наверх. Была ў яе кватэра? Сям'я? Я паспрабаваў распытаць. Але з яе нельга было выцягнуць нiчога талковага. Яна толькi дрыжала i ўсхлiпвала.

Нарэшце я спытаў:

- Вось што... Я не магу вас кiнуць у такiм становiшчы... Куды вас праводзiць? Ёсць у вас дом? Бацькi?

Яна маўчала, i я зразумеў, што няма.



5 из 10