
Я ведаў, што не знайду таксi, пакуль не перабяруся цераз Iст-Рывер, i накiраваўся на вялiзны жалезны мост... Забыў яго назву... Здаецца, Квiнсбара-Брыдж... Пяць гадзiн назад, праязджаючы там, я быў уражаны кiпучым рухам на мосце, грукатам аўтамабiляў, чырвонымi i белымi агнямi лiхтароў.
Цяпер мясцiна была бязлюдная, i толькi косыя лiнii высокiх металiчных ферм разразалi туман сваiмi чорнымi ромбамi.
Я прайшоў ужо амаль палову моста, нiкога не сустрэўшы, як раптам у тумане, з правага боку ад мяне, хутчэй угадаў, чым убачыў, жаночую постаць. Яна схiлiлася над парапетам - i гэта было небяспечна цi, ва ўсякiм разе, дзiўна. Я адразу ж падумаў, як зрабiлi б i вы на маiм месцы, пра безлiч выпадкаў самагубства, вядомых нам, i падышоў да жанчыны. Яна рэзка павярнулася, пачуўшы мае крокi, i, убачыўшы мяне побач, кiнулася на парапет з такой рашучасцю, што я iнстынктыўна схапiў яе за руку i пацягнуў да сябе.
Перада мной стаяла вельмi прыгожая дзяўчына, без капелюша, са збiтымi, вiльготнымi валасамi i тварам, залiтым слязьмi. Не памятаю, у якiм яна была адзеннi. Аднак у мяне тады не склалася ўражання, што яна з бедных. Мне нават здаецца, што на шыi ў яе была лiса цi якое iншае футра. Не... Гэта не ад беднасцi - яе прыгнаў сюды страх. Яна ляскала зубамi, i губы яе дрыжалi.
- Што вам ад мяне трэба? - закрычала яна. - Пакiньце мяне! Не прыставайце да мяне!
Цяпер я быў упэўнены, што магу стаць удзельнiкам адной з банальных драм: прахожы перашкаджае жанчыне ўтапiцца. Такая роля мяне вельмi бянтэжыла. Кактэйлi Мiрыям не прасвятлiлi маiх думак i не прыдалi цвёрдасцi маiм учынкам. Не ведаю, што я гаварыў гэтай няшчаснай, мабыць, якое-небудзь глупства. Зрэшты, гэта не мае значэння. Жанчыне, якую я трымаў за руку, патрэбен быў жывы чалавечы голас i трошкi сiлы, каб адцягнуць яе ад парапета. А гэта ў мяне было.
