
Я пачаў ужо злавацца на гэтага без'языкага тупiцу. Трэба было паўтараць па некалькi разоў адно i тое ж... Нарэшце ён узяў даляр i адышоў убок, каб прапусцiць дзяўчыну. Я не ведаў, чым яе ўцешыць на развiтанне. Пад "заслону" трэба было сказаць нешта цёплае, ласкавае, але слоў такiх я не знаходзiў.
- Ну, дык да заўтра... I пастарайцеся заснуць, - прамовiў я паспешлiва i працягнуў руку.
Яна схапiла яе i, ажывiўшыся, упершыню загаварыла:
- Вы харошы чалавек.
I хоць, апроч гэтых трох слоў, я ад яе нiчога не чуў, у маiх вушах i цяпер яшчэ гучыць яе нiзкi пявучы голас. Застаўшыся адзiн, я тут жа ўспомнiў, што, аддаўшы незнаёмай свой апошнi даляр, не маю за што паехаць нi на таксi, нi нават на аўтобусе i да свайго гатэля павiнен дабiрацца пеша. Дзе ж я быў? 60-я вулiца? 62-я? А папасцi мне трэба было ў Нiжнi горад, гэта больш за гадзiну хады ў слоту i непагадзь. Але я быў так задаволены сваiм мужным учынкам, што рушыў у дарогу ў вясёлым настроi, насвiстваючы на бязлюдных вулiцах старадаўнiя салдацкiя мелодыi. Мабыць, упершыню Мэдзiсан-авеню слухала ў гэтую ноч "Бравага артылерыста".
На другi дзень ранiцай, калi я прачнуўся, спачатку ў мяне было ўражанне, што ўчарашняя дзiўная прыгода мне проста прыснiлася. Пасля некаторай развагi, я прыпомнiў усе дэталi начнога здарэння i вырашыў, перш чым адправiцца на работу, заехаць у "Гатэль Берагавы", завезцi крыху грошай гэтай таямнiчай дзяўчыне i, калi яна шчыра пра ўсё раскажа, заняцца яе справай. Сярод палiтычных дзеячаў Ню-Ёрка ў мяне было нямала сяброў... I хто яго ведае? Пачуццё ўдзячнасцi...
Гатэль я адшукаў лёгка, каля самага моста. Дзённае святло пазбавiла яго ранейшага крыху падазронага выгляду, як мне тады здалося. За сталом сядзела жанчына, абкладзеная ключамi.
