
- Выбачайце, - звярнуўся я да яе, - хацеў бы даведацца, як тая маладая асоба, якую я прывёў сюды мiнулай ноччу...
Яна зiрнула на мяне са здзiўленнем:
- Маладая асоба?
Я растлумачыў i расказаў пра сваю прыгоду. Вiдаць было, што факты гэтыя для яе навiна.
- Прыблiзна гадзiны ў дзве ночы... Вы ж ёй далi нумар... Зусiм маладзенькая дзяўчына, без багажу...
- Але ж нiякай адзнакi ў кнiгах...
- Як жа так, нарэшце! У вас тут дзяжурыў калiдорны, ён нават па-ангельску не ўмее, чарнавалосы, кучаравы.
- А, Стэпан... Ну i што?
- Ён нас прымаў. Паклiчце яго.
Яна нацiснула кнопку, i праз некалькi хвiлiн з'явiўся калiдорны. Убачыўшы мяне, ён вытрашчыў вочы.
- Вы мяне пазналi? - запытаў я.
- Пазнаў, - буркнуў ён злосна.
- Гэтай ноччу я прыходзiў сюды разам з маладой дзяўчынай. Дзе яна?
- Пайшла, - вызверыўся калiдорны. - Я яе выгнаў.
- Што? - ускiпеў я. - Вы яе выгналi? Як вы пасмелi! Я заплацiў... Вы не мелi права...
Ён выцягнуў з кiшэнi паперку i, шпурнуўшы яе мне ў твар, замармытаў:
- А гэта? Маеце права?.. Фальшывы даляр даваць?
- Фальшывы даляр?!.
Я падняў паперку i аслупянеў. Гэта нават не была фальшыўка. Гэта быў адзiн з тых бiлецiкаў, дзе на адным баку намаляваны даляр, а на другiм - пералiк тавараў - рэклама, якую некаторыя крамы раздаюць прахожым на вулiцы. Напэўна, я не разгледзеў яго мiнулай ноччу, тым больш, што сагнуты папалам, ён вельмi нагадваў даляр, i ў мяне не было прычыны сумнявацца. А можа, гэты нягоднiк яго падмянiў? Але пайсцi на такое дробнае жульнiцтва было б занадта подла, а гнеў калiдорнага быў натуральны... Не... Значыць, работа Мiрыям i яе сяброў. Пажартавалi, называецца!.. I гэта няшчасная...
- Куды яна пайшла? - закрычаў я. - Яе трэба абавязкова знайсцi. Разумееце, мадам, чалавек гiне!.. Трэба ратаваць жыццё...
