- Бачыш?

Ён чыркануў запалку, каб угледзецца ў твар невядомага яшчэ сына. Галена не зводзiла з яго вачэй.

Праз паўгадзiны ён ужо хадзiў па двары. Сабака гайсаў за iм, постацi iх шпарка варушылiся ў раннiм змроку, яны некалькi разоў абышлi двор. Нарэшце Бушмар рушыў за браму. Ён iшоў шырокаю сваёю мяжою i тут чуў, як тая трывога шпарка расла. I ён пачаў усвядомлiваць яе. Ён ужо трымаў у думках тое, што бачыў, як толькi падышоў быў сёння пад дом, але што ўцякло тады з галавы i сэрца. Каб бязлiтасна вярнуцца цяпер.

За дзiкаю, яшчэ бацькаўскаю палявою грушаю мяжа была развернена плугам. Нават спачатку, пакуль яшчэ не закiпела думка, ён з гаспадарскай прывычкi падумаў быў: "Нейкi няўмека зворваў", - а пасля раптам усё патанула ў мiтусеннi навакольнага зямнога змроку i надлеснай ясноты. Усё скрозь пабiта было разорамi на дзялянкi - пачатак позняга зябу. Далёка чарнеў у змроку хутар. Разоры вялi Бушмара да самай агароджы. Дзiка кiнуўся ён у хату да Галены.

- Наша поле вунь там, - сказала яна, паказваючы яму ў акно за сад. - На тры душы пакiнена нам. От нядаўна ўсё зрабiлася. Я ж пiсала табе.

- Без мяне?!

- А што ты памог бы?

Яна глядзела яму ў вочы, прасiла позiркам не думаць пра гэта. Вочы ў яе былi гэтакiя, як тады, калi ён першы раз убачыў быў яе на судзе. Вочы гэтыя палiлi яго. I гэта яшчэ больш узняло ў iм навальнiцу страшнага ўтрапення, падобна было тады, як калiсьцi першы раз пасля паверкi сеў ён на ложак у казарме i як першы раз зачынiлi яго ў допраўскай камеры. Ён кiнуўся з лямпаю раптам да калыскi.

- Чаго ты ўглядаешся гэтак? - здзiвiлася Галена на страшны неспакой яго панурага твару.

- Гэта мой?

Яна гнеўна, горда стала перад iм:



50 из 86