
- Твой!
- А не хлусiш?
Яна ўзняла галаву i адышла моўчкi.
- Ага, чаго ж ты змоўкла?!
Ёц пачынаў ужо крычаць. Яна стаяла напроцi акна.
- Мусiць, грэх нейкi ёсць, калi маўчыш!
- Ёсць! - адказала яна, павярнуўшыся да яго.
- Гавары!
- Не скажу.
- Скажы!
- Не!
- Дык я зараз iначай пагавару.
- Нiяк ты iначай не пагаворыш.
- Гавары, хто прыходзiў да цябе.
- Хто толькi хацеў, той i прыходзiў.
- Скажы!
- Не скажу.
- Скажы...
Яна стаяла перад iм, не зводзячы з яго вачэй. Ён усё гаварыў: "Скажы... скажы..." Раней крычаў, пасля пачаў прасiць. Прасiў доўга, раптам рабiўся мяккiм - дзiўным нават для Галены, то зноў узнiмаўся да сваёй звярынай сiлы ў голасе. Бiў тады кулакамi аб стол, пасля зноў ападаў да просьбы, а яна глядзела, як ён варочаецца, i ўсё сцвярджала:
- Не скажу.
Нарэшце ён абяссiлеў. Пайшоў з хаты, гукнуў за сабою Галаса. Як вiхор прамчаўся да лесу i праз лес, iшоў, сам не думаючы куды. У лесе моцна шастала пад цяжкiмi ботамi яго не зляжалае яшчэ лiсце, за лесам - гучна шоргаўся аб абцасы жвiрысты пясок на дарозе. Бушмар нагадваў штосьцi бязлiтаснае i цяжкае, што ўсё крышыць дашчэнту пад нагамi сваiмi, сцiрае ўсё з твару зямлi i, не заўважваючы гэтага, у iмя сваiх адчуванняў свету для сябе аднаго. Малыя i слабейшыя iстоты ратуюцца, уцякаюць з-пад гэтага страшнага ходу, але iх нiхто не заўважае. Тут толькi дзiкасць i выпадковасць, што i хто пападзецца пад бот?! Хто i што будзе растаптана насмерць?! Хто i што застогне пад ботам, развiтваючыся з жыццём?
Бушмар шукаў свайго спакою ў шпаркай хадзе. I толькi цяпер загаварылi сорак вёрст дарогi за дзень. У нагах з'яўлялася цяжкасць, ападаць пачалi нездаваленне, страх, злосць, нянавiсць, трывога... перад iм чарнелi сцены i стрэхi, мiльгацелi святлом вокны. Даўно не быў тут Бушмар. Ён цураўся гэтага месца даўно ўжо, аж з самага здарэння з паручнiкам, а цяпер i пагатоў. Каля крайняй хаты ён стаў, пакуль узыходзiць пачала на думку вялiкая патрэба яго рушыць зараз жа адсюль.
