- Нанач мяне трэба накрываць шкляным каўпаком. Тут так холадна, няўтульна. Там, адкуль я прыйшла...

Але яна змоўкла. Яна прыйшла насенiнкай i нiчога не магла ведаць пра iншы свет. Прысаромленая, што так вiдавочна хацела зманiць, ды не выйшла, яна разы два-тры кашлянула, каб Маленькi прынц адчуў, як ён вiнаваты перад ёю.

- То як з парасонам?..

- Я хацеў iсцi па яго, але ж вы гаварылi са мной!

Яна зноў знарок закашляла, каб дадаць яму пакуты. I Маленькi прынц, хоць i вельмi палюбiў кветку, хутка перастаў верыць ёй. Ён усур'ёз прымаў яе пустаслоўе i адчуваў сябе вельмi няшчасным...

- Дарэмна я слухаў яе, - неяк прызнаўся ён мне, - нiколi не варта слухаць, што кажуць кветкi. Трэба толькi любавацца iмi ды дыхаць iх водарам. Ад маёй красунi па ўсёй планеце iшоў цудоўны пах, але я не ўмеў яму радавацца. Трэба было замiлавацца гэтай байкай пра калючкi, а яна так засмуцiла мяне...

Маленькi прынц замаўчаў, потым дадаў:

- Нiчога я тады не разумеў! Трэба было судзiць яе па ўчынках, а не па словах. Яна была мне як гаючыя лекi, як святло. Не трэба было мне ўцякаць! Я павiнен быў разгледзець яе пяшчотнае сэрца за гэтымi няўдалымi хiтрыкамi. Кветкi такiя супярэчлiвыя! Але я быў надта юны, каб умець любiць.

Як я зразумеў, Маленькi прынц вырашыў вандраваць з пералётнымi птушкамi. Наранку ў дзень ад'езду ён, як нiколi старанна, прыбраў сваю планету. Клапатлiва прачысцiў дзейныя вулканы. У яго было два дзейныя вулканы. На iх вельмi ёмка разаграваць сняданкi. Быў у яго i адзiн патухлы вулкан. Але, як ён казаў: "Да прыгоды не тры годы!" I ён прачысцiў i гэты. Калi вулканы добра прачышчаны, яны гараць цiха i раўнамерна, без вывяржэнняў. Вулканiчныя вывяржэннi - гэта як полымя ў печы. Канечне, мы занадта малыя, каб чысцiць свае зямныя вулканы. З гэтай прычыны яны i прыносяць нам безлiч непрыемнасцей.

Маленькi прынц задуменна павырываў апошнiя сцяблiнкi баабабу. Ён думаў, што ўжо нiколi болей не вернецца сюды. Усе гэтыя будзённыя клопаты здалiся яму ў той ранак надзвычай прыемнымi. I калi ён апошнi раз палiў кветку i намерыўся закрыць яе каўпаком, ледзь не заплакаў.



13 из 42