
- Бывай, - сказаў ён кветцы.
Але тая маўчала.
- Бывай, - паўтарыў ён.
Кветка закашляла. Але не ад прастуды.
- Я была дурнiца, - прамовiла яна нарэшце, - Прабач мне... Пастарайся быць шчаслiвым.
I нiводнага папроку... Здзiўлены Маленькi прынц разгублена стаяў над ёю са шкляным каўпаком у руцэ. Ён не разумеў гэтай спакойнай пяшчоты.
- Так, я люблю цябе, - сказала яму кветка. - Сама вiнавата, што ты не ведаў пра гэта. Цяпер гэта ўжо не мае нiякага значэння. Але i ты быў такi ж неразумны, як я. Пастарайся быць шчаслiвым... I кiнь ты гэты каўпак! Мне ён больш не патрэбен.
- Але ж вецер...
- Не гэткая ўжо я i далiкатная... Свежае начное паветра карысна мне. Я ж кветка.
- Але ж звяры...
- Нiчога страшнага, калi з'явяцца тут два-тры вусенi, калi хочаш пазнаёмiцца з матылькамi. Здаецца, яны вельмi прыгожыя. А то хто ж наведае мяне? Ты будзеш далёка. Што ж да вялiкiх звяроў, то я нiчога не баюся. У мяне таксама ёсць кiпцюры.
Яна наiўна паказала чатыры калючкi.
- Толькi не марудзь, гэта нясцерпна! - дадала яна. - Вырашыў пайсцi адсюль - дык iдзi!
Яна не хацела, каб ён бачыў яе слёзы. Такая ўжо гордая кветка...
Х
Блiжэй усяго да планеты Маленькага прынца былi астэроiды 325, 326, 327, 328, 329 i 330. Вось ён i вырашыў для пачатку наведаць iх: трэба ж знайсцi сабе хоць якi занятак ды навучыцца чаму-небудзь.
На першай планеце жыў кароль. Увесь у пурпуры i гарнастаях, ён сядзеў на простым, але дужа велiчным троне.
- Ага! Вось i падданы! - усклiкнуў задаволены кароль, як толькi заўважыў Маленькага прынца.
"Як ён можа ведаць, хто я такi, калi нiколi не бачыў мяне?!" - падумаў Маленькi прынц.
Ён не ведаў, што для каралёў свет надта спрошчаны. Усе людзi для iх падданыя.
