- Падыдзi блiжэй, я хачу лепей разглядзець цябе, - загадаў яму кароль, страшэнна горды, што ён можа быць некаму каралём.

Маленькi прынц пашукаў вачыма, дзе б прысесцi, але ўся планета хавалася пад велiкапышнай каралеўскай мантыяй. Давялося стаяць, але ён быў моцна стомлены i пазяхнуў.

- Непрыстойна пазяхаць у прысутнасцi караля, - заўважыў яму манарх. - Я забараняю табе гэта.

- Нiяк не мог утрымацца, - адказаў збянтэжаны Маленькi прынц. - Я з доўгай дарогi, не выспаўся...

- У такiм разе, - злiтаваўся кароль, - загадваю табе пазяхаць! Гадамi не бачу, каб хто пазяхаў. Мне гэта нават цiкава. Ну, пазяхнi яшчэ раз. Гэта загад.

- Прабачце... Не магу больш... - вымавiў Маленькi прынц i залiўся чырванню.

- Гм! Гм! - кашлянуў кароль. - У такiм разе, я... я загадваю табе то пазяхаць, то...

Ён заблытаўся i, здаецца, нават трошкi зазлаваў.

Бо каралю ж сама важнае - каб яму безагаворачна падпарадкоўвалiся. Ён не цярпеў непаслушэнства. Гэта быў абсалютны манарх. Але ён быў вельмi добры, таму i аддаваў толькi разумныя загады.

"Калi б я загадаў, - сцiпла тлумачыў ён, - калi б я загадаў якому-небудзь генералу перакiнуцца ў марскую птушку i калi б генерал не паслухаўся, вiнаваты быў бы не генерал. Вiнаваты быў бы я".

- Можна мне сесцi? - нясмела запытаў дазволу Маленькi прынц.

- Я загадваю табе сесцi, - адказаў кароль i велiчным рухам падабраў палу сваёй мантыi.

Але Маленькi прынц не пераставаў дзiвавацца. Планета была зусiм невялiчкая. Над чым жа пануе гэты кароль?

- Пане, - сказаў ён, - дазвольце запытацца ў вас...

- Загадваю: пытайся! - паспешна сказаў кароль.

- Пане... над чым вы пануеце?

- Над усiм, - з невымоўнай прастатою адказаў кароль.

- Як - "над усiм"?

Кароль сцiплым рухам абвёў сваю планету, паказаў на iншыя планеты i зоркi.

- Над усiм гэтым? - моцна ўразiўся Маленькi прынц.



15 из 42