- Над усiм гэтым, - пацвердзiў кароль.

Бо гэта быў не проста абсалютны, а ўсеадзiны, нiчым не абмежаваны манарх.

- I зоркi слухаюцца вас?

- А як жа? - адказаў кароль. - Iменна слухаюцца. Я цярпець не магу непаслушэнства.

Такая ўсемагутнасць прывяла ў захапленне Маленькага прынца. От, калi б у яго была такая ўлада! Тады ён змог бы любавацца не толькi сарака чатырма, а сямiдзесяццю двума цi нават сотняй або двумастамi захадамi сонца ў адзiн дзень. I нiколi не перастаўляў бы свайго крэсла! Успамiн пра сваю пакiнутую планету напоўнiў сумам сэрца Маленькага прынца, i ён асмелiўся звярнуцца да караля з просьбай:

- Я хацеў бы ўбачыць захад сонца... Зрабiце такую ласку... Загадайце сонцу заходзiць...

- Калi б я загадаў генералу, каб ён, як матылёк, пырхаў з кветкi на кветку або перакiнуўся ў марскую чайку, i калi б генерал не выканаў загаду, хто з нас быў бы вiнаваты?

- Вы, ваша вялiкасць, - цвёрда адказаў Маленькi прынц.

- Несумненна. Трэба патрабаваць ад кожнага тое, што ён можа зрабiць, разважаў кароль. - Улада трымаецца, у першую чаргу, на разумнасцi. Калi б ты загадаў свайму народу кiнуцца ў мора, ён зрабiў бы рэвалюцыю. Я маю права патрабаваць паслушэнства, бо мае загады заўсёды разумныя.

- А як з захадам сонца? - нагадаў Маленькi прынц, якi нiколi не супакойваўся, пакуль не атрымлiваў адказу на сваё пытанне.

- Будзе табе твой захад сонца. Я запатрабую яго. Але варта пачакаць спрыяльных умоў, бо якраз у гэтым i заключаецца мудрасць правiцеля.

- I калi гэта будзе? - пацiкавiўся Маленькi прынц.

- Гм! Гм! - кашлянуў кароль i зазiрнуў у тоўсты каляндар. - Гм! Гм! Гэта будзе прыблiзна... прыблiзна... гэта будзе сёння вечарам прыблiзна а палове восьмай! I ты пабачыш, як усё выдатна слухаецца мяне.

Маленькi прынц пазяхнуў. Яму было шкада, што захад сонца так i не адбыўся. I яму стала ўжо нецiкава тут.

- Ну, мне пара, - сказаў ён каралю. - Больш мне тут няма чаго рабiць.



16 из 42