
- Праўда, ён харошанькi на свае гады?
- Вельмi, - пацвердзiў доктар, якога ўсё гэта пачынала дужа забаўляць.
- А каб вы толькi бачылi, якi ён быў дваццацiпяцiгадовы! - дадала яна. Але ж трэба хутчэй укласцi яго, пакуль тая гарэлiца не вывернула вантробаў. Калi ласка, пане, памажыце сцягнуць рукаў... трохi вышэй... во гэтак... добра... цяпер штаны... пачакайце, я зараз скiну чаравiкi... Ну вось i ўсё. А цяпер пастаўце яго на ногi i хвiлiначку патрымайце, пакуль я рассцялю пасцель... вось так... цяпер паложым... Вы, можа, думаеце, што зараз ён пасунецца, каб i мне было дзе легчы? То дзiва. Мне ўжо трэба шукаць сабе месца абы-дзе. Гэта ўжо яго зусiм не цiкавiць. Ну, спi, гулёна!
Як толькi стары адчуў, што ляжыць у пасцелi, ён адразу ж заплюшчыў вочы, потым расплюшчыў, заплюшчыў зноў, i на ўсiм яго здаволеным аблiччы вымаляваўся рашучы намер спаць.
Доктар разглядваў яго з растучай зацiкаўленасцю.
- Значыць, ён ходзiць на маскарады, каб прыкiдвацца там юнаком? перапытаў ен.
- Нiводнага не прамiнае, пане, а ранiцаю вяртаецца ў такiм стане, што i ўявiць немагчыма. А ўсё ад роспачы! I ляцець туды ён мусiць, i на свой твар гэтую кардонку напiнаць мусiць. Ад роспачы, што ён ужо не той, якi быў, i што ўжо не карыстаецца поспехам, як некалi!
Стары цяпер ужо спаў i нават пачынаў пахропваць. Яна са шкадаваннем глядзела на яго i прадаўжала:
- О, а поспехам ён карыстаўся, гэты чалавек! Такiм, што i не падумаў бы, пане! Большым, чым усе на свеце прыгажуны, спевакi ды генералы!
- Няўжо? Чым жа ён займаўся?
- О, вас гэта, канешне, можа здзiвiць, тым болей што вы не былi знаёмыя з iм у яго маладосцi. Мы ўпершыню сустрэлiся таксама на балi, ён адвеку любiў iх.
