Калi я першы раз убачыла яго, адразу зразумела: ну ўсё, хана мне, як рыбцы на гачку. Ах, якi ён быў прыгожы, пане, да таго прыгожы, што плакаць хацелася, гледзячы на яго смуглявыя такiя валасы, чорныя як смоль, кучаравыя-кучаравыя, а вочы таксама чорныя i вялiзныя - бы вокны! Дзiвосны хлопец! Ён у той жа вечар павёў мяне з сабою, i я засталася з iм назаўжды, нiколi i на дзянёк не кiнула, нягледзячы нi на што! А колькi ўсяго перажыць давялося!..

- Вы павянчалiся? - запытаўся доктар.

- Канешне, пане, iнакш ён i мяне кiнуў бы, як iншых кiдаў, - проста адказала яна. - Я была яму i жонка, i служанка, i - усiм, усiм, кiм ён толькi хацеў... Колькi слёз я пралiла з-за яго. Але пры iм я век бы не заплакала!.. Ён мне расказваў пра ўсе свае прыгоды, разумееце, пане?.. Мне, мне... Да яго проста не даходзiла, як балюча мне было ўсё гэта слухаць...

- Ды чым жа ён урэшце займаўся, што рабiў?

- Ой, праўда!.. Я i забылася сказаць. Ён быў першы Мартэлеў падручны другога такога на ўсiм свеце не было... Сапраўдны мастак, зарабляў па дзесятку франкаў за гадзiну...

- Мартэль? Хто такi Мартэль?

- Цырульнiк, пане, знакамiты цырульнiк оперы, у яго прычэсвалiся ўсе актрысы. Усе-ўсенькiя, нават самыя шыкоўныя жадалi, каб прычоску рабiў iм Амбруаз, а потым адвальвалi яму такiя чаявыя, што ён стаў страшэнна багаты. Ах, пане, усе жанчыны з аднаго цеста, праўда-праўда. Калi яны ўжо ўпадабаюць сабе мужчыну, дык iдуць на ўсё... Так проста зразумець усё гэта i так цяжка... Бо ён расказваў мне ўсё... Ён проста не мог змаўчаць... Не мог - i ўсё тут. Гэта ж такая асалода мужчынам! А пасля яшчэ i расказаць каму-небудзь пра гэта - дык, можа, нават яшчэ большая асалода!

Калi ён вечарам вяртаўся дахаты, трохi бляднейшы, чым звычайна, такi самазадаволены, вясёлы, я адразу ж думала: "Ну вось, яшчэ адна. Напэўна яшчэ адну падчапiў". Мяне апаноўвала жаданне выпытаць у яго ўсё, ажно сэрца папялела ад гэтага жадання, але было i другое: не ведаць нiчога, не даць яму гаварыць пра гэта, калi пачне. I мы толькi паглядвалi адно на адно.



6 из 9