
Я добра ведала, што ён не вытрывае, не абыдзе гэтага. Я бачыла гэта па iм, такi ён быў смешны ў сваiм намаганнi, каб я сама ўсё зразумела. "Я такi ўсцешаны сёння, Мадлен!" - гаварыла ўсё яго аблiчча. Я прыкiдвалася, што нiчога не заўважаю, не здагадваюся; я ставiла на стол вячэру, сядала насупраць яго...
У такiя хвiлiны мне здавалася, што ў маю душу ляцяць камянi i разбiваюць маю любоў да яго. Так балюча было мне, пане, страшэнна. А яму i не ў галаве было, ён i не здагадваўся; яму трэба было падзялiцца з кiм-небудзь, пахвалiцца, паказаць, як усе падаюць за iм... А дзялiцца не было з кiм, адна я была ў яго, адна я... Вось i... Мусiла выслухоўваць, мусiла каўтаць усё, як атруту...
Ён браўся вячэраць, а потым казаў:
- У мяне новенькая, Мадлен.
А я думала: "Значыць, праўда. Божа мой, што за чалавек?! I навошта толькi я яго спаткала?!"
А ён прадаўжаў:
- Новенькая i - дужа прывабненькая...
I гэта была якая-небудзь актрысачка з вадэвiля цi з вар'етэ, а потым пайшлi i важнейшыя, i самыя знакамiтыя панi. Ён называў мне iхнiя iмёны, абмалёўваў iх спальнi i ўсё iншае, усё дарэшты, пане... Такiя драбнiцы, што як толькi трывала маё сэрца. А ён перабiраў iх, зноў i зноў прыгадваў усё ад пачатку да канца, i гэтакi быў усцешаны, што я мусiла смяяцца, каб ён не зазлаваўся на мяне.
Можа, не ўсё там было праўда! Ён так любiў павыхваляцца, што мог i навыдумляць усё! А можа, i праўда ўсё! Бо выгляд у яго тады быў стомлены, пасля вячэры ён адразу iшоў спаць. Вячэралi мы позна, пане, каля адзiнаццацi, бо ён нiколi не вяртаўся раней: вечарамi ў цырульнi асаблiва шмат работы было.
Выгаварыўшыся, ён закурваў, пахаджаў туды-сюды па пакоi, i гэтакi прыгожы быў са сваiмi вусамi ды кучарамi, што я думала: "Канешне, усё гэта праўда, што ён расказвае. Калi страцiла галаву я ад гэтага мужчыны, дык чаму яшчэ нехта не можа вар'яцець праз яго?" Пакуль ён курыў, я прыбiрала са стала i ледзьве стрымлiвалася, каб не загаласiць, залямантаваць, збегчы адсюль, выкiнуцца праз акно!.. А ён шырока пазяхаў, каб паказаць мне, якi ён стомлены, i потым, калi ўжо клаўся спаць, усё прыгаворваў: "Ну i спаць буду сёння - як забiты!"
