
Я не дакараю яго, ён жа зусiм не ведаў, як ён мяне мучыў! Ды i не павiнен быў гэтага ведаць! Ён гэтак любiў выхваляцца сваiмi перамогамi над жанчынамi, бы паўлiн - хвастом сваiм. Ён шчыра верыў, што ўсе любуюцца з яго i ўсе прагнуць яго.
Яшчэ нясцерпней стала, калi ён пастарэў.
Ах, пане, калi я першы раз заўважыла ў яго сiвы волас, я ледзьве не самлела ад страху! А потым мяне ахапiла такая радасць - подлая, але такая вялiзная, бязмежная радасць! "Вось i ўсё, - падумала я, - вось i ўсё!.." Мяне быццам з турмы выпусцiлi! Нарэшце ён будзе толькi мой, бо другiм ён будзе ўжо не патрэбен!
Тым ранкам я прачнулася першая. Ён яшчэ спаў, i я нахiлiлася, каб пабудзiць яго пацалункам, i раптам заўважыла ў яго кучарах на скронi маленькую нiтачку, якая зiхацела, як серабро. А Божачкi! Быць не можа! Мне i ў галаву не прыходзiла, што такое быць можа! Спачатку я хацела вырваць яе, каб ён i не бачыў, але, калi прыгледзелася, вышэй заўважыла яшчэ адну. Сiвыя валасы! Ён ужо сiвее! Сэрца маё калацiлася, ажно ў пот кiнула ад страху, але ў глыбiнi душы я вельмi, вельмi цешылася!
Нягожыя былi мае думкi, праўда, але тады я з радасцю займалася сваiмi хатнiмi справамi, яго не будзiла. Калi ж ён сам расплюшчыў вочы, я сказала:
- Ведаеш, што я выявiла, пакуль ты спаў?
- Што?
- Што ў цябе ўжо ёсць сiвыя валасы.
Яго ажно падкiнула на ложку ад прыкрасцi, ён усхапiўся, быццам яго ўшчыкнулi, i злосна крыкнуў:
- Няпраўда!
- Праўда. На левай скронi. Чатыры валаскi.
Ён ускочыў з пасцелi i падбег да люстэрка. Глядзiць, шукае, а не знаходзiць. Тады я паказала яму той валасок, што быў найнiжэй, тоненькую такую завiтушку, i заўважыла:
