
Ён болей нiчога не прамаўляў i ўвесь разам сшарэў: i твар, i рукi ў яго зрабiлiся зусiм шэрыя. Ён сеў i ўтаропiўся ў дол круглымi вачыма. Том быў заўсёды добры хлопец, ён хацеў узяць яго за руку, але малы рэзка вырваўся i скурчыў грымасу.
- Пакiнь яго, - цiха сказаў я, - ты ж бачыш, ён ужо гатовы зарумзаць.
Том нехаця падпарадкаваўся. Але яму ўсё-ткi хацелася супакоiць малога: гэта яго заняло б i дапамагло адцягнуць увагу ад думак пра самога сябе. А мяне гэта раздражняла: раней я нiколi не думаў пра смерць, у мяне проста не было такога выпадку, i вось цяпер выпадак надарыўся, апроч гэтага, думаць больш не было пра што.
Том раптам сказаў:
- А табе выпадала каго-небудзь прыстукнуць?
Я не адказаў. Ён узяўся распавядаць, што з пачатку жнiўня прыстукнуў ужо шасцярых; ён не ўсведамляў сабе нашага сапраўднага становiшча, i я выдатна бачыў, што ён проста не хоча яго ўсведамляць. Ды я i сам яшчэ не мог усяго як след уцямiць, я пытаўся ў сябе, цi многа давядзецца пакутаваць, я думаў пра кулi, уяўляў сабе iх пякучы град, што працiнаў маё цела. Але ўсё гэта не ўмяшчалася ў межы нармальнага пытання. Зрэшты, я быў спакойны: каб усё ўразумець, у нас наперадзе цэлая ноч. Нарэшце Том змоўк, я скоса зiрнуў на яго краем вока i ўбачыў, што ён таксама ўвесь шэры, выгляд у яго быў мiзэрны, i я падумаў: "Пачынаецца". Было ўжо амаль зусiм цёмна, праз акенцы ў камеру сачылася бруднае, цьмянае святло, i куча вугальнага друзу пад небам вымалёўвалася вялiзнаю чорнаю плямай. Праз адтулiну ў столi я ўбачыў зорку: ноч мелася быць чыстая i марозная.
Дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшлi два наглядчыкi. З-за спiны ў iх узнiк нейкi бялявы чалавек у бельгiйскай унiформе. Ён прывiтаўся.
- Я доктар, - сказаў ён. - У мяне ёсць дазвол пабыць у гэтых цяжкiх абставiнах побач з вамi.
У яго быў прыемны i ветлiвы голас. Я сказаў яму:
- Што вы будзеце тут рабiць?
- Я ўвесь у вашым распараджэннi. Я пастараюся зрабiць усё магчымае, каб гэтыя некалькi гадзiн былi вам менш цяжкiя.
