
Можа, праз тыдзень цi болей пасля гэтай размовы Фрузына ўжо ўпрыцемкi вярталася з працы дадому. Яна жыла на самым ускрайку горада, ля шашы, у цесным кутнiм пакойчыку дашчанага, пракуранага вугальным дымам барака. Каб дабрацца сюды з цэнтра, ад яе ўстановы, трэба было, два разы перасаджваючыся, ехаць аж на трох аўтобусах, а пасля яшчэ з кiламетр абходзiць пустку. Зiмой, праўда, можна было сцяжынкай перайсцi цераз роў з замёрзлаю ручаiнай i такiм чынам зрэзаць добры крук дарогi.
Яна ўжо выбралася з рова, выйшла на агароды i наблiжалася да шашы, цесна атуленай дамамi гэтай ускраiннай вулiцы.
Тым часам добра сцямнела, чорнае, без зорак неба мяккiм змрочным полагам вiсела ўгары, на снезе, у нясмелых паўзмроках чарнелi навокал будынкi, дрэвы, невыразныя плямы зямлi. Снег быў мяккi, мароз адпусцiў нанач, бралася на адлiгу, i было золка.
Жанчына зранку не была дома i цяпер спяшалася - на сконе дня прывычна вабiла хатняе цяпло, спакой i адпачынак. У кiрзавай чорнай сумцы яна несла з сабою небагаты харч - хлеб, селядзец, кiлаграм круп i ўсё гадала, каб як абысцiся гэтым якiх два цi тры днi i зэканомiць на дровы.
На шашы яе асляпiла святлом фараў, абдало грукатам i лязгам iмклiвых аўтамабiляў. Якраз у тым месцы, дзе яна заўсёды зварочвала з дарогi на сцяжынку да свайго дома, нерухома стаяла машына. Фрузына не стала звяртаць на яе асаблiвай увагi - цi мала машын спыняецца на шашы - пастаяць, шафёры зробяць што трэба i паедуць далей. Жанчына ўвайшла ў сенцы, намацала ў кiшэнi ватоўкi ключ, адамкнула дзверы. У пакойчыку было холадна - ужо два днi яна не палiла грубкi, пахла нечым неабжытым i пакiнутым. Чагосьцi тут не хапала ў гэтай кватэры, хоць i было ўсё прыбрана - i вузкi ложак з высока падбiтай падушкай i лебедзямi на танным дыванку на сцяне, i вымытая падлога, засланая наўскасяк палавiчком, i накрыты марляю посуд на невялiчкiм столiку. Яна прыслухалася - суседзяў штось не чуваць было. Распрануўшыся, жанчына адчула холад i падумала, што трэба было б прапалiць у грубцы, каб былi насечаны дровы.
