
У гэты час у дзверы пастукалi.
Да яе рэдка калi хто заходзiў, i кожны раз на стук Фрузына насцярожвалася. Але не паспела яна што адказаць, як дзверы адчынiлiся i ў пакой увайшоў апрануты ў паўшубак чалавек. Не зважаючы на зiму, ён быў увесь расхлiстаны - i паўшубак, i кашуля, i шапка, ссунутая на патылiцу, з рота вырывалася бачная на холадзе пара. Яна адразу пазнала - гэта быў яе нядаўнi знаёмец, iх шафер. Прыжмурыўшыся ад яркага святла, ён пераступiў з нагi на нагу i, вiдаць, не пазнаючы жанчыны, загаварыў:
- Добры вечар, гаспадыня. Цi не паможаце ў бядзе, так сказаць? Лiха на яе, машына занаравiлася - аднаму не справiцца.
Фрузына ўжо развязала хусцiнку, але зноў чамусьцi пачала закручваць на шыi рагi, пазiрала на чалавека, як ён не дужа ёмка таптаўся ля парога, i сэрца жанчыны ў нейкiм недарэчным прадчуваннi хутчэй затукала ў грудзях.
- А што здарылася? - як мага спакайней спыталася Фрузына.
- Э, - здзiвiўся шафер, прыгледзеўшыся i толькi цяпер пазнаючы яе. - Гэта вы? Тут жывяце?
- Ды тут. Вось прыйшла толькi.
- А я гляджу - святло загарэлася, думаю, дай пастукаю, - казаў ён ужо больш упэўнена i з прыкметнай iскрынкай радасцi ў голасе. Адталымi пляскатымi валёнкамi прагiнаючы маснiчыны, ён адышоў ад парога.
- Чорт бы яе ўзяў, шафёрскую долю. У Мiнск ездзiў учора, праз ноч туды, цяпер адтуль i вось не дацягнуў -кандэнсатар прабiла. А тут адзiн, машыну не кiнеш i завесцi нельга - хоць плач. Можа б, вы паглядзелi, каб не чапаў хто? Цi, можа, у гараж падскочылi б, там у хлопцаў ёсць запасныя. А то проста бяда...
Яна, усё яшчэ недарэчна хвалюючыся, запрашала шафёра прысесцi, пагрэцца, казала нешта пра холад у пакоi - не паспела насекчы дроў, а сама тым часам апранала ватоўку, гатовая ўслужыць чалавеку.
