
- Што ж, калi трэба, дык трэба. Я хутка, аўтобусам. Але як яе, гэтую частку?
- Кандэнсатар, там у Змiтрукова цi ў Цярэшчанкi спытаеш - дадуць, - казаў ён, выпраўляючыся за ёю. - Я i сам збегаў бы, ды груз у машыне, на шашы ўсё ж.
У яго голасе чулася вiнаватасць за тое, што турбуе, ён збiраўся выйсцi следам, але яна запрапанавала:
- А вы нiшто, не турбуйцеся. Пагрэйцеся тут. Калi што, дык у акно вiдаць.
Ён падзякаваў i застаўся, стомлена апусцiўшыся на лаўку ля акна, а яна, на хаду зашпiльваючыся, падалася ў горад - трэба было спяшацца, каб не зачынiлi гараж.
Кандэнсатар Фрузына адразу ж дабыла ў Змiтрукова, ён аказаўся маленькай лёгкай штуковiнай, але часу на абодва канцы шляху ўсё ж мiнула нямала. Калi яна зноў адчынiла свае дзверы, святло ў пакоi было выключана, пэўна, каб лепей бачыць у акно. У расчыненай грубцы, пырскаючы iскрамi, трашчалi сукаватыя смалякi, што нерассечаныя гады два валялiся на панадворку, а побач, на табурэтцы, змораны, аблакацiўшыся на шырока расстаўленыя каленi, драмаў шафёр. Ён не варухнуўся на стук дзвярэй i, звесiўшы долу заблытаныя валасы, цiхенька i мерна высвiстваў носам.
Фрузына паклала на стол кандэнсатар, зняла ватоўку, стараючыся не нарабiць шуму; пацерла густа запацелую шыбу, каб бачыць машыну, i прысела на лаўцы.
Невядома, колькi мiнула часу, а шафёр усё драмаў. Дровы ў печцы спакваля дагарэлi, пакiнуўшы груду зiхатлiвага вуголля. На сцяне пад столлю варушылiся густа-барвовыя водблiскi; схiленую голаў, плячо i рукаў чалавека залiло гарачай мiгатлiвай чырванню. Ад грубкi на ўвесь кут i паўстолi нерухома падаў вялiзны раскiдзiсты цень чалавека.
Раз-пораз пазiраючы праз акно на шашу i на гэтага здарожанага чалавека, жанчына пакрысе пранiкалася цiхай жаласлiвай спагадай да яго нялёгкага турботнага жыцця. Тая спагада ўсё глыбей i глыбей пранiкала ў яе ўзрушаныя пачуццi, шырылася недзе ў душы, паступова перарастаючы ў лагодную пяшчоту. Усчалася i прывычная шчымлiвая самота па сваiм няўтульным, неўладкаваным жыццi, пацiху ўваскрасала былая паўзабытая прагнасць жаданага чалавечага цяпла. Але Фрузына, як магла, усё стрымлiвала, глушыла ў сабе тыя няясныя адчуваннi, толькi цiхенька ўздыхала, баючыся патрывожыць шафёра.
