
Пайшла яна з двара, бо ведала: сын схаваўся недзе паблiзу, але цяпер, калi яна паклiкала яго, не выйдзе - выйдзе крыху пазней. Яна баялася толькi, каб ён, знясiлены крыўдай i плачам, не сцiшыўся дзе, не заснуў, i падумала, што скора трэба зноў выйсцi, паклiкаць яго. Тое, што на двары не было старой, таксама непакоiла яе. "Ат, старое, што малое", - нечакана раззлаваўшыся, падумала яна пасля i пайшла ў хату.
Скрыгаталi, аднастайна шоргалi жорны, i пад гэты шоргат прыходзiлi да яе невясёлыя думкi - пра забiтага мужа, з якiм жыла ўсяго тры гады, пра сына, якi не помнiць бацькi: бацьку забралi на кадравую службу перад самай вайной, i хто тады ведаў, што сюды прыйдуць немцы, што столькi ў гэтай калатнечы паляжа мужчын. Калi ў фiнскую вайну забiла Круцiкавага Цiмоха, бедавала ўся вёска, а цяпер у кожнай хаце хапае свайго гора. А можа гэта i добра, што сын не помнiць бацьку: так будзе лепш яму, але ж затое колькi ёй трэба трывання, жорсткасцi да сябе i да людзей, каб паставiць сябе ў жыццi, каб не даць у крыўду сябе i сына. Было б лягчэй, каб не быў такi свёкар - надта памяркоўны ды паблажлiвы да людзей. А так - мужчына ў доме, але не гаспадар. Як распускалi калгас, бралi людзi сабе i кароў, i коней, i панарад, i хто парстчэйшы быў - цягнуў i вёў у двор лепшае. Свёкар жа толькi i паспеў узяць, што каня, ды i той - конь не конь. Абарванчык, празваны так за тое, што вырвалi ваўкi некалi паўсцягна. А вось сусед, гугнявы Змiцер, дык гэты - зух! Як адступалi нашы, прыйшоў дамоў; адседжваўся, пакуль не паставiлi старастам, а як нявыкрутка выйшла немцам - падаўся ў партызаны. Кажа цяпер, што старастам па заданнi быў, але дзе ж ты праверыш... Няхай бы хутчэй скончылася вайна, тады б усё стала вiдней...
Яна кiнула круцiць жорны, выйшла зноў паклiкаць малога. Але малы, як i першы раз, не адгукаўся. "Ну, пачакай, - падумала яна, - не абыдзецца табе добра, калi, вымерхаўшыся, прыджгаеш дамоў". Успомнiла пра старую i цiха, нясмела паклiкала:
