- Мама! Цi тут ты? Мама!..

I, счакаўшы, паклiкала яшчэ.

Рыпнулi вароты i, сагнуўшыся, выйшла з пунi старая, моўчкi па-нядобраму гледзячы на нявестку, патупала да сянец. Ля ганка спынiлася, паправiла на галаве хустку i буркнула нешта пра яйкi.

"Чаго гэта яна? - падумала нявестка. - I ёй, мусiць, моташна, i малому дрэнна. А мне хiба лепш?"

Яна выйшла за вароты i стала ўзiрацца ў вулiцу, выглядаць малога. Але яго нiдзе не было.

...Ён стаiўшыся сядзеў у алешнiку, што атуляў лажок каля вулiцы, чуў, як клiкала яго мацi, але не выходзiў: нейкая помслiвая асалода трымала яго ў кустах. Ён даўно ўжо не плакаў i за гэты час, як збег з двара, колькi разоў пачынаў думаць пра свае ўцёкi з вёскi, надоўга, назусiм, - толькi вось каб разжыцца хлеба i выкрасцi суконную свiтку, а там - гайда ў мястэчка, i няхай тады шукаюць, няхай паплачуць i бабуля i матка. Яшчэ вось дзеда шкада, шкада, што не давядзецца пабiцца з "палiцаем" гэтым, Змiцеравым Васiлём. Апошнi раз дык здолеў яго, нават рассек гэтаму смаўжу губу, але потым, калi прыбегла "палiцаева" матка i стала крычаць i лаяцца, па-дурному расплакаўся, а гэты "палiцай", мусiць, радаваўся, бо падбрэхваў матцы i не iшоў з вулiцы. Ну, няхай, будзе яшчэ яму. Сёння вось пераначуе ў кустах, а заўтра падпiльнуе "палiцая" i адплацiць за ўсё.

Ён адчуў сябе моцным i адзiнокiм, i гэта было прыемна яму. Успомнiў, што сёння ранiцай не ўзяў яго дзед у лес, i яму цяпер зусiм не шкада было сыходзiць з дому, i ён падумаў, што трэба пакуль неяк ладкавацца нанач - стаў ламаць альховае голле i рабiць будан.

Тут, у будане, ён i заснуў - не чуў, як яго знайшла, перанесла ў хату мацi. Прачнуўся ён ужо, калi яго клалi на чыстай палавiне хаты ў ложак i ўкрывалi посцiлкай. Прачнуўся i не адразу сцямiў, што з iм, але першым ягоным адчуваннем быў страх. Ён не бачыў яшчэ нi бабулi, нi маткi, адчуваў толькi, што яны тут, ён думаў страхам i неспадзявана для сябе закрычаў: "Дзед, дзед!" - i заплакаў. I адразу ж цiшыня ў хаце сказала яму, што дзеда няма, што нiхто не заступiцца, калi здарыцца тое, чаго так ён баяўся.



5 из 7