
- Што з табой, мiлая мая ясачка? - спытала мама. Яна апусцiлася побач на каленi i глядзела занепакоена.
- Я дурэю, - сказаў Люсьен.
Ад мамы добра пахла, але ён баяўся, каб яна да яго не дакранулася: яна здавалася яму нейкай дзiўнай. Зрэшты, i тата - таксама. Ён вырашыў, што болей нiколi не будзе спаць у iхнiм пакоi.
Наступнымi днямi мама нiчога не заўважала. Як i звычайна, Люсьен як хвосцiк бегаў паўсюль за ёю, трымаючыся за спаднiцу, балбатаў, як сапраўдны маленькi мужчына, i аднойчы папрасiў расказаць пра Чырвонага Каптурка. Мама ўзяла яго на каленi i, падняўшы палец, з усмешкаю пачала сур'ёзна распавядаць пра воўка i старую бабульку. Люсьен глядзеў на маму, паўтараючы: "А што тады?" - i час ад часу кратаў кудзеры, што звiсалi маме на шыю; але слухаць яе не слухаў, ён думаў - цi сапраўдная гэта яго мама? Калi яна скончыла казку, ён папрасiў:
- Мама, раскажы, як ты была дзяўчынка.
I мама пачала расказваць. Але можа быць, яна хлусiла. Можа быць, раней яна была хлопчык, i на яе ўвесь час надзявалi сукенкi - як на Люсьена тым вечарам, - i яна iх так i пачала насiць, прыкiдваючыся дзяўчынкай. Ён цiхутка памацаў прыгожыя мамiны рукi, якiя пад ядвабам здавалiся мяккiмi, нiбы масла. А што будзе, калi з мамы здымуць сукенку i яна надзене татавы штаны? Можа быць, у яе адразу пачнуць расцi чорныя-чорныя вусы? Ён з усяе сiлы сцiснуў мамiны рукi; у яго было такое ўражанне, што зараз проста ў яго на вачах яна ператворыцца ў якога страшнага звера цi, можа, абярнецца ў тую барадатую цётку, што ён бачыў на кiрмашы. Мама засмяялася, шырока разявiўшы рот, i Люсьен убачыў яе ружовы язык i глыбокую глотку: там было слiзка i брыдка, i яму захацелася плюнуць.
