- Ха-ха-ха! - смяялася мама. - Як ты мяне цiснеш, маленькi ты мой чалавечак. Ану, сцiснi яшчэ мацней. Так моцна, як любiш.

Люсьен узяў прыгожую мамiну руку, унiзаную сярэбранымi пярсцёнкамi, i пакрыў яе дробнымi буськамi. Але назаўтра, калi мама сядзела побач i, трымаючы яго за рукi, каб ён не ўпаў з гаршка, сказала: "А-а-а, Люсьен, а-а-а, патужся, маё золатка, прашу цябе", - ён раптам перастаў тужыцца i, пераводзячы дых, спытаў: "А ты напраўду мая сапраўдная мама?" Яна адказала: "Дурненькi", - i запыталася, цi хутка ў яго што-небудзь выйдзе. З гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што мама з iм грае камедыю, i ўжо нiколi больш не казаў, што ажэнiцца з ёй, калi вырасце. Зрэшты, у яго не было нiякага ўяўлення, у чым была гэта камедыя: можа быць, той ноччу з тунелем прыйшлi зладзеi i проста з ложка ўкралi яго маму i тату, а замест iх падклалi вось гэтых? Цi, можа, тата i мама былi сапраўдныя, але ўдзень яны выконвалi ролю, а ўначы рабiлiся зусiм iншыя? Ён мала здзiвiўся, калi раптам, прачнуўшыся ў калядную ноч, убачыў, як яны хаваюць у камiне цацкi. Назаўтра яны гаварылi пра Каляднага дзеда, i Люсьен рабiў выгляд, што верыць, але думаў, што гэта таксама ўваходзiць у ролю: гэтыя цацкi яны, напэўна, укралi. У лютым у яго пачалася шкарлятына, i ён вельмi весела бавiў час.

Калi Люсьен ачуняў, у яго ўзнiкла прывычка гуляць у сiрату. Ён сядаў пад каштанам, пасярод парослай траўкай палянкi, набiраў поўныя жменi зямлi i думаў: "Быццам я сiрата, i мяне завуць Луi. I быццам я не еў ужо цэлых шэсць дзён". Пакаёўка Жэрмена клiкала яго снедаць, i тады ён гуляў далей за сталом; тата i мама нiчога не заўважалi. Яны былi быццам зладзеi, якiя ўкралi яго, каб зрабiць сабе памагатага, такога ж зладзюжку.



4 из 86