Але ён, як толькi паснедае, уцячэ i ўсiх iх выдасць. Ён еў i пiў вельмi мала: некалi ў кнiжцы "Прытулак Анёла-Заступнiка" ён прачытаў, што, калi вельмi згаладалы чалавек есць першы раз, ён павiнен з'есцi зусiм трошкi. Яго забаўляла, што ўсе вакол таксама гуляюць. Мама i тата гулялi, быццам яны мама i тата; мама гуляла, быццам вельмi хвалюецца, што яе золатка так мала есць, а тата гуляў, быццам чытае газету i часам круцiць перад носам у Люсьена пальцам i кажа: "Балябом, паночку!" I Люсьен таксама гуляў, але ўрэшце ўжо сам не ведаў у што. У сiрату? Цi ў тое, што ён Люсьен? Ён зiрнуў на графiн. Усярэдзiне зiхацеў маленькi чырвоны зайчык, якi скакаў у вадзе, i здавалася, што туды, у ваду, трапiла татава рука: яна была вялiзная i святлiвая, з маленькiмi чорнымi валасiнкамi на пальцах. У Люсьена раптам узнiкла ўражанне, што графiн таксама гуляе, быццам ён графiн. За ўсё снеданне ён так амаль i не дакрануўся да ежы i адвячоркам быў настолькi галодны, што ўкраў добры тузiн слiў, ад якiх ледзь не захварэў на нестраўленне. Тады ён падумаў, што яму надакучыла гуляць у Люсьена.

Зрэшты, перашкодзiць сабе ў гэтым ён быў няздольны, i яму ўвесь час здавалася, што ён гуляе. Яму хацелася быць такiм, як пан Буфардзье - такiм жа сур'ёзным i непрыгожым. Калi пан Буфардзье прыходзiў да iх на абед i, схiляючыся да мамiнай рукi, казаў: "Маё шанаванне, мiлая панi", - Люсьен стаяў пасярод гасцiнай i глядзеў на яго вачыма, поўнымi захаплення. Але ўсё, што адбывалася з Люсьенам, было несур'ёзна. Калi ён падаў i набiваў гузак, ён нават часам пераставаў плакаць i думаў: "Цi мне сапраўды такая ўжо вава?" Тады яму рабiлася яшчэ сумней, i ён яшчэ мацней плакаў. Аднойчы, калi ён пацалаваў маму ў руку i прамовiў: "Маё шанаванне, мiлая панi", - мама ўскудлацiла яму валасы i сказала: "Гэта нядобра, маё мышанё, нельга смяяцца з дарослых". Люсьен быў зусiм збiты з панталыку. Трошкi важнасцi яму ўдавалася набыць толькi ў першую i трэцюю пятнiцу месяца. Гэтымi днямi да мамы ў госцi прыходзiла шмат розных паняў, сярод якiх дзве цi тры заўсёды былi ў жалобе: Люсьену падабалiся гэтыя панi ў жалобе, асаблiва калi ў iх былi вялiкiя ступакi.



5 из 86