
Дый увогуле ён любiў быць сярод дарослых: яны былi такiя паважныя - з iмi нiколi не ўзнiкала думкi, што яны могуць забыцца ў ложку за такiмi рэчамi, якiя робяць маленькiя хлопчыкi; на iх заўсёды надзета столькi i такога цёмнага, што нават немагчыма ўявiць, што ў iх пад усiм гэтым ёсць. Калi яны збiраюцца разам, яны ядуць усякае рознае, i нават смех у iх такi важны; i ўсё так прыгожа, як на iмшы. Яны ставiлiся да Люсьена, як да сапраўднай асобы. Панi Куфэн садзiла яго сабе на каленi i, мацаючы за лыткi, абвяшчала: "Гэта найчароўнейшы красунчык, якога я калi-небудзь бачыла". Потым яна пачынала распытваць, што яму падабаецца, цалавала яго i пыталася, што ён хоча рабiць, калi вырасце. А ён то адказваў, што будзе вялiкiм генералам, як Жана д'Арк, i забярэ ў немцаў Эльзас-Латарынгiю, то хацеў быць мiсiянерам. I кожны раз ён шчыра верыў у тое, што кажа. Панi Бэс была высокая i дужая кабета з маленькiмi вусiкамi. Яна куляла Люсье на на спiну i, лашчачы, прымаўляла: "Вось мая маленькая лялечка". Люсьен быў зачараваны, ён дадушы смяяўся i курчыўся пад казытлiвымi ласкамi i ўяўляў сябе чароўнай маленькаю лялечкай, зробленай для дарослых; яму хацелася, каб панi Бэс распранула яго, памыла i паклала спаткi ў маленькай калысцы, як гумовага галышыка. I часам панi Бэс казала: "А лялечка ў нас размаўляе?" - i раптам нацiскала яму на жывот. Тады Люсьен прыкiдваўся завадной лялькай i сцiснутым голасам прамаўляў: "Пiп", - i яны абое смяялiся.
Аднойчы кюрэ, якi кожную суботу прыходзiў да iх на сняданак, спытаў, цi любiць ён сваю маму. Люсьен абажаў сваю прыгожую мамачку i свайго татулю, якi быў такi дужы i добры. Ён зiрнуў свяшчэннiку ў вочы i адказаў: "Люблю!" - з такiм надзьмутым i ўпартым выглядам, што ўсе разам засмяялiся. Галава ў свяшчэннiка была падобная да малiны - уся чырвоная i бародаўчатая, i на кожнай бародаўцы расло па адной валасiне.