У майстэрнi праблемаў са сьвятлом ня ўзьнiкла, аднак зьявiлiся iншыя: а дзевятай гадзiне вечара адначасова адключылiся вадаправод i ацяпленьне.

За вокнамi рэдка сьвяцiўся гатэль "Латвiя" й ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталiца незалежнае Латвiйскае Рэспублiкi.

Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, пiў сам з сабою сьветлае грузiнскае вiно, ад якога рабiлася яшчэ халадней, i гаманiў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.

Стоена й гаркава пахлi прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнiм люстры клубiлiся мае й чужыя ўспамiны.

Майстэрня напоўнiлася гаманою, шэптамi, пацалункамi... Я крыху распрануўся i даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруцiўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.

З усiх рыскiх пеўняў найблiжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом i гляджу ў бок мора. Зьнiзу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон i басэтля. Такую мэлёдыю, толькi выдзьмутую з дуды-дудаса я чуў на вясковым беларуска-латыскiм вясельлi паблiзу Рыгi, дзе пазнаёмiўся з Андрысам.

Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесiў над сельсаветам латыскi нацыянальны сьцяг. "Запомнi, Володя, - казаў ён мне, - русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить". Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.

Спусьцiўшыся з сабора, можна паслухаць музыкаў, пакласьцi iм нешта ў капялюш i рушыць далей. А можна й не пакласьцi.

Зусiм ня так проста разьмiнуцца з музыкамi, што ўладкавалiся ў вузкiм аркавым праходзе па дарозе да сабора сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакiдаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкi праразаюцца сталёвыя ноткi эпохi незалежнасьцi й эканамiчнага абвалу, i рука сама сабою цягне з кiшэнi пяць рублiсаў.

У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты "Советская молодежь".



6 из 13