
На першай старонцы эксклюзыўнае iнтэрвiю з намесьнiкам камандзера рыскага ОМОНу. "Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, - з замiлаваным дамскiм прыдыханьнем паведамляе газэта, - разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) - симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле". Значыцца, жыў-быў сабе сьцiплы расейскi хлопчык, "кушал", хадзiў у бiблiятэку чытаць кнiжкi i раптам - нi з пушчы, нi з поля - "изменились условия жизни".
Прафэсiйна акцэнтаваны здымак: бамбiза ў профiль з кветачкай у руцэ, на заднiм пляне - краты й ахоўнiк. "Я просто хочу дать им шанс", - пачынае сваё iнтэрвiю гаротны хлопчык Сярожа. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такiмi патылiцамi, настолькi вузкi, што чытаць далей нецiкава.
Станцыя Прыедайнэ. Тут жыве мастак Валеры Дэвiскiба. "Дэ" пiшацца разам, бо Валеры нiякi не вiконт i ўвогуле не француз, а беларус, якога мацi нарадзiла ў фашыстоўскiм канцлягеры й якi потым падаўся зь Беларусi шукаць шчасьця ў Эўропу - у Латвiю. Праўда, Бацькаўшчына не адпускала, i Валеры то маляваў Скарыну, то ехаў з паходным мальбэртам на родную Гомельшчыну, дзе быў затрыманы мiлiцыяй у прыбiральнi на аўтастанцыi, калi мыў запэцканыя фарбамi рукi: пiльны наведнiк прыбiральнi паведамiў ворганам, што забойца змывае кроў.
Аднойчы Валеры стварыў мой партрэт. Гэта здарылася ў чарнобыльскiм 1986-м годзе, калi я прыехаў на ўзмор'е ў пiсьменьнiцкi Дом творчасьцi "Дубулты".
