За сьценамi нашага флiгелю шумела мора i - кантрапунктам - прыбярэжныя хваiны. У бары можна было ўбачыць нездаровы азызлы твар рэдактара "Литгазеты" i аднаго з фурманаў яшчэ нерастрэсенага возу СП СССР Аляксандра Чакоўскага зь нязьменнаю люлькаю ў зубох. Па беразе, дыхаючы марскiм паветрам, ад вiдна да вiдна шнуравалi натоўпы адпачывальнiкаў; сярод iх быў мой сусед па сталоўнi маскоўскi нiбыта лiтаратар, што паўсюль цягаў з сабою яшчэ рэдкi тады мiнiяцюрны Раnаsоniс i колькi разоў напужаў сабратоў па пяру, пракруцiўшы iхнiя вольналюбiвыя выказваньнi наконт "Софьи Власьевны", як дзеля кансьпiрацыi называлi савецкую ўладу некаторыя расейскiя iнтэлiгенты. Уладар Раnаsоniс'а пазнаёмiўся з пагляднай гамяльчанкаю й канфiдэнцыйна пацiкавiўся ў мяне, цi перадаецца радыяцыя полавым шляхам. Я запэўнiў калегу, што абавязкова перадаецца, прычым у небясьпечных дозах.

Стаяў халодны, з прымаразкамi, верасень, але ў нашых пакоях было так цёпла, што я спаў пад адной прасьцiнай. Аднае начы я прачнуўся ад вусьцiшнае халадэчы i, надзеўшы на сябе ўсё, што меў, да самае ранiцы ляскаў зубамi. На пытаньне, чаму выключылi ацяпленьне, пакаёўка сказала, што ўначы Чакоўскi ад'ехаў у Маскву.

Найбольш пакутаваў ад холаду мой сусед зьлева, сiвы кульгавы сын каўкаскiх вяршыняў. Ён распачаў з дырэктарам Дому творчасьцi барацьбу за грамадзянскiя правы шараговых пiсьменьнiкаў, сабраў подпiсы, i праз тыдзень батарэi зноў нагрэлiся. Шчасьлiвы змагар у адзiноце адзначыў перамогу, выйшаў з нумару, i, забурыўшыся, са страшэнным грукатам скацiўся па стромкiх драўляных сходах на першы паверх.

Мой сусед зьлева ад холаду не пакутаваў. Ён быў сынам азэрбайджанскага мiнiстра i, мяркуючы па гуках з-за сьцяны, заложна зьбiраў матэрыял для будучага сэкс-баевiка.

Адна пiсьменьнiца з гораду на Няве на грамадзкiх пачатках займалася тады маёй адукацыяй. Яна ведала Льва Гумiлёва i выклiкала зь iм разам нейкiя трансцэндэнтныя сiлы, пасьля чаго адчайныя экспэрымэнтатары нiбыта апынулiся ў тэлефоннай будцы на другiм канцы гораду.



8 из 13