Але тое, што ён пiсаў для друкавання, не мела i заваду жывое мовы. Гэта была самая сапраўдная кнiжная выдуманая мова. Апавяданне тое пачыналася гэтак: "Заходзячае сонца чырвонымi праменнямi аблiвала захад. Вецер распаўсюджваў пах кветак. На цямнеючых балотах зацiхалi птушкi, i ў хуткiм часе наступiў вечар"... I далей падобна да гэтага. Якраз выходзiць, што для хатняе гутаркi, на абыходак у жыццi - ёсць адна мова, свая. Але для кнiг павiнна быць нейкая iншая мова. Бо калi дома чалавек гаворыць "я хадзiў па сена", дык у кнiгах ён чытае: "я хадзiў за сенам". I вядома, што будзе вучыцца пiсаць паводле таго, як ён чытае ў кнiгах.

На вялiкi жаль, усё гэта праўда. Калi ён пiша ў рэдакцыю лiст, дык лiст гэты напiсаны па-людску. А калi пачытаеш тое, пра што ён пiша ў лiсце - яго лiтаратурны твор - дык у творы гэтым жаргонная плынь выпiхае жывую мову.

У лiтаратуры бывае гэтакая з'ява, што часамi пiсьменнiку трэба востра парушаць законы мовы. Гэта тады, калi пiсьменнiк выводзiць гэтакага тыпа, якi або ад прыроды свае не выгаворвае, як належыць, слоў, або з'яўляецца чужаземцам i цяжка яму гаварыць той моваю, якою пiшацца твор, або з якiх-небудзь iншых прычын проста не ведае мовы. Дык тады пiсьменнiк паказвае гэтакага тыпа з яго жаргонам. Напрыклад, у Максiма Гарэцкага, у яго творы "Антонi" ёсць "Мiхалка-масковец, якi Масквы бачыў мала". Дык ён строiцца гаварыць расейскаю моваю i гаворыць жаргонам. У расейскай лiтаратуры ў раманах Ф.Дастаеўскага часамi спатыкаюцца абруселыя немцы, у якiх расейская мова з нямецкiм акцэнтам. У Л. Талстога ў "Войне и мире" ёсць шапялявы афiцэр Дзянiсаў, якi слова "пришел" гаворыць "пг'ишел". Але з тае прычыны, што лiтаратура афармляе культуру мовы, нiводзiн сапраўдны мастак слова не дазволiць, каб увесь твор быў у жаргоне гэтых тыпаў. Тады нельга будзе залiчыць гэтакi твор нi да беларускай, скажам, нi да ўкраiнскай, нi да нямецкай лiтаратуры. Гэта будзе жаргонны твор. I паказваюць гэтых тыпаў у сваiх творах некалькiмi трапнымi рысамi, двума цi трыма iх жаргоннымi сказамi.



13 из 16