
Эспазiта ўзяў стары рондаль, згроб трэскi, габлюшкi, запалiў вогнiшча i паставiў на iм грэцца каву, якую прынёс з сабой у бутэльцы. Ён паведамiў, што гэта падарунак крамнiка з суседняй бакалейнi, якi даў яму кавы на ўсю майстэрню, калi даведаўся, што iх забастоўка правалiлася. Пiлi са слоiчка з-пад гарчыцы, чаргою перадаючы яго адзiн аднаму. Эспазiта падлiваў кожнаму гарачую, ужо падсалоджаную каву. Саiд выпiў яе з куды большай ахвотай, чым еў. Рэшту Эспазiта, прыцмокваючы, выпiў проста з распаленага рондаля i ўвесь час лаяўся, апякаючы сабе вусны. У гэты час вярнуўся Балестэр i сказаў, што пара зноў брацца за работу.
Усе паднялiся i пачалi збiраць у торбы паперу i посуд. Балестэр стаў пасярод майстэрнi i раптам сказаў, што хоць гэта i цяжкi ўдар для iх, i для яго таксама, але нiякай рацыi паводзiць сябе гэтак, па-дзiцячы, няма - тапырся тут цi не, справе гэтым усё роўна не дапаможаш. Эспазiта з рондалем у руцэ павярнуўся да Балестэра, i яго доўгi, мясiсты твар разам пачырванеў. Iвар ведаў, што ён зараз скажа, усе яны думалi тое самае: яны не тапырылiся, iм проста заткнулi рот - маўляў, каму не падабаецца, можа iсцi, - а гнеў i бяссiлле выклiкаюць часам такi боль, што немагчыма нават крычаць.
