Яны былi людзi, вось i ўсё. I яны не маглi раптам пачаць усмiхацца i выцiскаць з сябе прыязныя мiны. Але Эспазiта нiчога гэтага не сказаў, яго твар урэшце праяснеў, i ён толькi мякка палопаў Балестэра ла плячы. Усе тым часам ужо прымалiся за працу. Зноў загрукаталi малаткi, хлеў напоўнiўся знаёмым гармiдарам, запахла габлёўкамi i старым прапацелым адзеннем. Вiшчала вялiзная пiла, грызучы свежую дошку, якую Эспазiта паволi пасоўваў наперад. Вiльготнае пiлавiнне, якое вылятала з-пад яе зубцоў, нiбы хлебным крошывам пакрывала дужыя валасатыя рукi, што моцна сцiскалi дошку абапал порсткага ляза. Калi адлятала новая адпiлаваная клёпка, вiск сцiхаў, i было чуваць адно бурчанне матора.

Iвар габляваў не разгiнаючыся i ўжо пачынаў адчуваць ламоту ў спiне. Звычайна стома прыходзiла пазней. Гэта натуральна - за тыя тры тыднi, што яны баставалi, ён страцiў звычку. Але прычынай, вiдаць, быў i ўзрост - з цягам часу ручная праца, што патрабуе не толькi дакладнасцi, робiцца ўсё цяжэй. Навярэджаная спiна нагадвала яму пра старасць. Там, дзе галоўнае - мышцы, праца ўрэшце ператвараецца ў пекла, а за ёй стаiць смерць; нездарма пасля цяжкага працоўнага дня падаеш i спiш, нiбы мёртвы. Яго сын хацеў быць настаўнiкам, i ён меў рацыю: тыя, хто шмат агiтуе за фiзiчную працу, не ведаюць, пра што кажуць.

Калi Iвар выпрастаўся, каб перавесцi дых i заадно скiнуць дурныя думкi, зноў пачуўся званок. Ён гучаў настойлiва, уладна, нервова зрываючыся - i гэта было да таго дзiўна, што рабочыя нават спынiлiся. Балестэр спачатку таксама застыў i здзiўлена слухаў, але потым схамянуўся i не спяшаючыся рушыў да дзвярэй. Праз некалькi секунд пасля таго, як ён выйшаў, званок нарэшце змоўк. Усе ўзялiся за працу. Але дзверы зноў рэзка адчынiлiся, i да раздзявальнi хутка прабег Балестэр. Амаль адразу ён адтуль выйшаў ужо абуты i, на хаду нацягваючы куртку, кiнуў Iвару: "У малой прыступ. Я пабег па Жэрмэна". I ён знiк за дзвярыма. Жэрмэн быў доктар, якi абслугоўваў майстэрню; ён жыў у гэтым самым прадмесцi. Iвар перадаў навiну без усялякiх каментарыяў. Рабочыя скупiлiся вакол i збянтэжана глядзелi адзiн на аднаго. Было чуваць, як цiха буркоча матор механiчнай пiлы. "А можа, усё гэта - так, нiчога сур'ёзнага", сказаў нехта з iх. Усе разышлiся, i майстэрню зноў напоўнiў грук малаткоў. Але працавалi цяпер не спяшаючыся, нiбы нечага чакалi.



11 из 14