Калi яны ўвайшлi ў абвешаны дыпломамi калiдор, да iх данеслiся дзiцячы плач i голас Ласаля, якi казаў жонцы: "Пасля снедання пакладзеш яе ў ложак. Калi нiчога не зменiцца, паклiчам доктара". Потым гаспадар выйшаў у калiдор i запрасiў iх у невялiчкi, ужо знаёмы iм кабiнет, абстаўлены пад просты вясковы пакой, сцены якога былi ўпрыгожаны спартыўнымi трафеямi. "Сядайце", - сказаў Ласаль, займаючы месца за пiсьмовым сталом. Яны засталiся стаяць. "Я вас паклiкаў таму, што вы, Марку, прадстаўнiк прафсаюза, а ты, Iвар, мой сама стары рабочы пасля Балестэра. Я не хачу зноў пачынаць спрэчку, якая ўжо скончана. Я не магу, проста не магу даць вам тое, чаго вы просiце. Справа вырашана, мы прыйшлi да высновы, што трэба зноў брацца за работу. Я бачу, што вы на мяне крыўдзiцеся, i скажу па ўсёй шчырасцi, мне цяжка адчуваць гэта. Я толькi вось што хачу яшчэ сказаць: тое, чаго я не магу зрабiць сёння, мабыць, стане магчыма тады, калi справы пойдуць лепей. I калi такая магчымасць будзе, я зраблю гэта раней, чым вы ў мяне папросiце. А пакуль што, давайце паспрабуем працаваць у згодзе". Ён змоўк i, здавалася, задумаўся, потым зноў падняў на iх вочы i спытаў: "Ну што?" Марку глядзеў праз акно. Iвар стаяў, сцiснуўшы зубы. Ён хацеў нешта сказаць, але не мог. "Слухайце, - сказаў Ласаль, - вы ўсе проста ўпялiся рогам, i ўсё. Але ў вас гэта пройдзе. Дык вось, калi вы зноў будзеце здольныя разважаць цвяроза, не забудзьцеся на тое, што я вам цяпер сказаў". Ён устаў, падышоў да Марку i, працягнуўшы яму руку, кiнуў: "Чао!" Марку раптам увесь збялеў, i ў адно iмгненне яго летуценны твар зрабiўся чэрствы i злы. Ён рэзка крутануўся на абцасах i пайшоў. Ласаль, таксама збялелы, глянуў на Iвара i, не працягваючы яму рукi, крыкнуў: "Ну дык i iдзiце вы на...!"

Калi яны вярнулiся ў майстэрню, рабочыя снедалi. Балестэр некуды выйшаў. Марку выцiснуў адно: "Лухта", - i пайшоў да свайго працоўнага месца. Эспазiта перастаў жаваць хлеб i запытаўся, што яны адказалi. Iвар сказаў, што яны не адказалi нiчога.



9 из 14