
Стоячы за некалькi крокаў ад Iвара, Валеры ўстаўляў у бочку днiшча. Гаспадар спынiўся побач i пачаў назiраць. Хлопец моўчкi працаваў. "Ну што, сынку, - сказаў Ласаль, - усё ў парадку?" Рухi юнака раптам страцiлi спрыт. Ён скоса зiрнуў на Эспазiта, якi непадалёк збiраў вялiзнае бярэмя клёпак, каб занесцi iх Iвару. Не спыняючы работы, Эспазiта таксама глянуў на Валеры, i той зноў уткнуў нос у бочку, нiчога не адказаўшы гаспадару. Крыху азадачаны, Ласаль яшчэ нейкi час стаяў каля юнака, потым пацiснуў плячыма i павярнуўся да Марку, якi, седзячы верхам на лаве, павольнымi i трапнымi рухамi вычосваў край днiшча. "Дзень добры, Марку", - сказаў Ласаль ужо больш сухiм тонам. Марку не адказаў, засяродзiўшы ўсю ўвагу на тым, каб здымаць як мага танчэйшыя стружкi. "Ды што гэта на вас найшло? - голасна сказаў Ласаль, звяртаючыся ўжо да ўсiх рабочых. - Ну, праўда, ну, не выйшла ў нас дамовiцца. Дык што, цяпер i працаваць разам немагчыма? Навошта ўсё гэта?" Марку ўстаў, выцягнуў днiшча са шчылiны, правёў па беразе далонню i з задавальненнем прыжмурыў млявыя вочы. Потым маўклiва павярнуўся i пайшоў да другога рабочага, якi збiраў бочку. Ва ўсёй майстэрнi было чуваць адно грукат малаткоў ды вiск механiчнай пiлы. "Добра, - сказаў Ласаль. - Калi ў вас гэта пройдзе, скажаце мне. Хай Балестэр прыйдзе". I ён спакойна выйшаў з майстэрнi.
Амаль адразу пасля гэтата гармiдар бандарнi прарэзалi два званкi. Балестэр, якi прысеў быў скруцiць цыгарку, цяжка падняўся i рушыў да заднiх дзвярэй. Калi ён выйшаў, грукат малаткоў пацiшэў, а нейкi адзiн рабочы нават спынiўся. Але Балестэр хутка вярнуўся назад. Проста ад дзвярэй ён сказаў: "Марку, Iвар, вас клiча гаспадар". Першым рухам у Iвара было пайсцi памыць рукi, але па дарозе да мыйнiцы Марку схапiў яго за рукаў, i ён, кульгаючы, падыбаў за iм.
Знадворку сонца было такое зыркае i густое, што Iвар адчуваў, як яго промнi лiюцца па ягоным твары i голых руках. Яны паднялiся па лесвiцы, абвiтай бружмелем, на якiм дзе-нiдзе ўжо распусцiлiся кветкi.