На гановэрскiх вулiцах i вулачках, акрамя немцаў, жывуць туркi, мурыны й жоўтатварыя дзецi паўднёва-ўсходняй Азii. У мэтро, трамваi або электрычцы побач з вамi абавязкова апынецца хтосьцi са скураю iншага колеру. На цьвiнтары катэдральнага сабору, вiдаць, з блаславеньня Алаху, жабруе маладая турчанка або чачэнка са спавiтым дзiцем. У пастаўленым каля ног плястыкавым вядзерцы ад жавальных гумак пуста - мо таму, што дзiця ў жабрачкi нейкае занадта цiхмянае: нi голасу зь пялюшак не падае, нi носу не вытыркае. Усё гэта прыводзiць на памяць айчынных сьляпых, што калiсьцi сядалi ў электрычку на станцыi Койданава, старанна й балюча топчучы вiдушчым пасажырам ногi, сноўдалiся па вагонах i цягнулi гугнявымi галасамi "Враги сожгли родную хату", а выбраўшыся ў Стоўбцах на пэрон, на вачох у дабрадзеяў упэўнена лiчылi нажабраваныя грошы i, беспамылкова абмiнаючы гразкiя калюжыны, iмпэтнай хадою кiравалiся ў прывакзальную пiўнiцу.

Некалi ў Гановэры жыў досыць вядомы дадаiст Курт Швiтэрс. У ягоны гонар у цэнтры гораду паставiлi скульптуру: вялiкiя, узгрувашчаныя адзiн на адзiн кантэйнэры з сабраным на вулiцах i спрасаваным сьмецьцем i жалезным ламаччам. Надпiс паведамляе, у якi дзень якога году быў напоўнены сваiм зьмесьцiвам кожны кантэйнэр. Маўляў, сьпi спакойна, дарагi Курт, твой эстэтычны клопат жыве.

Ня ведаю, цi можна аднесьцi да дадаiзму вершык, што выплывае каля гэтага манумэнту з маiх дзiцячых успамiнаў:

Пришла весна. Цвели дрова.

Верблюд из Африки

Приехал на галошах.

На ўсьцеху Мiрэле ў гановэрскiх крамах багаты выбар мацiцовых гузiкаў. Такiя гузiкi - ейная жарсьць. Мiрэла выкладвае па некалькi марак за штуку й нецярплiва чакае хвiлiны, калi можна будзе выкiнуць у сьметнiцу няшчасныя гузiкi, народжаныя на сьвет без удзелу малюскаў. Адным словам - паэтка.

Праходка па Гановэры сканчаецца блiскучым тэрарыстычным актам паяданьня сакаўной паляндвiцы вусьцiшных памераў, якую мы распластваем на кухоннай дошцы пасярод стала й крыважэрна паласуем нажамi адразу з двух бакоў, падмацоўваючы сiлы салатаю з кукурузай i шмальцам з гарачым белым хлебам.



5 из 14