
Баляваньне адбываецца на хаце ў спадарынi Сiльвii. Пры каве высьвятляецца этымалёгiя ейнага прозьвiшча. "Gеist" па-нямецку дух, а таксама - здань. Каб замест кавы я выпiў "вогненнай вады", дык неадменна выткнуўся б з тостам пра добры дух Гановэру або пра здань, якая выклiкае пачуцьцi, бязьмежна далёкiя ад жаху.
Аднак наперадзе ў нас сустрэча зь верагоднымi чытачамi, а таму ўсё сказанае вышэй iдзе падтэкстам, а гаворка круцiцца вакол iншага.
Напрыклад, вакол расейскага нацыянальнага характару, або, як той казаў, мэнталiтэту. Аказваецца, баўгарскiя этнографы таксама закмецiлi адметнасьць казачнага расейскага Ямелi: лайдак, якi адлежвае на печы бакi, раз-пораз загадваючы што-небудзь зрабiць "по щучьему велению, по моему хотению", у вачох братняга народу паўстае героем вiдавочна станоўчым. Здаецца, аналягi ёсьць яшчэ ў казачным эпасе братнiх народаў Цэнтральнае Афрыкi.
Мiрэла апавядае пра македонцаў, якiя гавораць на заходнебаўгарскiм дыялекце i якiх у Баўгарыi лiчаць баўгарамi, але палiтыкi ў сацыялiстычнай Югаславii нiбыта зрабiлi ўсё магчымае, каб баўгарскi этнас скарацiўся роўна на колькасьць македонцаў. Пры вялiзнай розьнiцы палiтычных ды iншых умоваў перада мною ўсё адно з халодным ветрыкам мiльгае аблiчча паэта й паляшуцкага лiдара Мiколы Шаляговiча са стосiкам ягонай газэты "Полiсьсе", дзе на незразумелай большасьцi палешукоў мове iм даводзiцца, што яны асобная нацыя, а гэтая незразумелая мова й ёсьць iхняя родная мова.
