
Яшчэ мы гаворым пра Макса Фрыша i ягоную сяброўку Iнгеборг Бахман. Яе героi часта гiнулi ў агнi, як потым загiнула й сама Iнгеборг. Тэму прадчуваньняў у творчасьцi рэальных падзеяў уласнага жыцьця працягвае Мiрэлiн расказ пра баўгарскага клясыка Пэё Яварава. Той баяўся цемры й сьлепаты. Калi ў яго на вачох зьвяла падрахункi з жыцьцём жонка, Пэё схапiў яшчэ цёплы пiсталет i таксама спрабаваў застрэлiцца, але толькi пашкодзiў якiсьцi нэрв i страцiў зрок, каб, жывучы ў цемры, дзень пры днi чуць, што гэта ён забiў жонку.
Я намагаюся ўспомнiць якiя-небудзь прадчуваньнi ў творчасьцi сяго-таго зь беларускiх аўтараў i на свой сорам не магу ўзгадаць нiчога паважнага, калi не лiчыць прадчуваньня чарговага раману з асьпiранткаю - у творчасьцi вялiкага празаiка Н. i прадчуваньня выпiўкi й добрага закусону - адразу ў некалькiх маладых i сталых членаў СП.
Мае гановэрскiя музы ўладкоўваюцца з цыгарэтамi на падлозе каля адчыненага гаўбца. Апошняе, што перакладае Мiрэла: дачка баўгарскага прэзыдэнта Жэлю Жэлева скончыла жыцьцё самагубствам, а прэзыдэнт назаўтра пасьля хаўтураў прымаў вайсковы парад.
Я разгортваю апошнюю Мiрэлiну кнiгу "Памет за подробности" й раптам пачынаю разумець баўгарскую мову. Кажуць, некалi народны паэт Беларусi Рыгор Барадулiн падчас дэкады беларускае лiтаратуры ў Летуве, выправiўшыся ўраньнi па пiва, спынiўся ля газэтнага стэнду й раптам пачаў разумець па-летувiску. Праўда, неўзабаве высьветлiлася, што ён унурыўся ў вiленскi польскамоўны "Сzеrwоnу sztаndаr". Але па-баўгарску я, далiбог, нешта разумею. Верш называецца "Усилието":
Потушаваш един огън, друг огън,
колко огньове, за да напишеш
върху пепелта
стих или име.
Мiж iншым, у Нямеччыне пачытваюць "Нашу Нiву". Доказ - неабвержны. На другой вечарыне Сiльвiя чытае перакладзены спадаром Норбэртам Рандавам з "НН" опус пад назваю "Тунэль зь Серабранкi ў Бэрлiн".
