
Мне з цяжкасцю ўдалося супакоiць яго i пераканаць вярнуцца дамоў, палiцэйскiя засталiся весцi назiранне. Iх ужо было чатырнаццаць цi пятнаццаць, i цяпер нават муха не праляцiць там незаўважаная.
Я ведаў, што дзяўчынка пасля вызвалення паiмчыцца дамоў, i таму пайшоў з Гейтвудам, каб адразу выцягнуць з яе ўсё, што можна. Калi яна хоць нешта ведае пра сваiх выкрадальнiкаў, мы атрымаем выдатную магчымасць схапiць птушак, пакуль яны не разляцелiся.
Дома Гейтвуд зноў узяўся за вiскi, а я напружана прыслухоўваўся да тэлефона i дзвярнога званка. О'Гар i Тоўд тэлефанавалi праз паўгадзiны - цi няма навiн ад дзяўчынкi.
Пакуль што яны так нiчога i не знайшлi.
У дзевяць гадзiн ранiцы разам з Ласкам яны прыехалi да Гейтвуда. Выявiлася, што жанчына ў чорным была мужчынам, i гэтаму мужчыне ўдалося знiкнуць. У адным доме завулка, ля самых дзвярэй, яны знайшлi чорную жаночую спаднiцу, доўгi чорны плашч i чорную вуаль. Прагледзеўшы спiс жыхароў, ён выявiў, што тры днi таму назад у гэтым доме пасялiўся малады чалавек па прозвiшчы Лейтан.
Лейтана ў кватэры ўжо не было. Калi не лiчыць пустой бутэлькi i цыгарэтных акуркаў, дык пасля яго ўсялення тут мала што змянiлася.
Выснова напрошвалася сама: кватэру ён зняў толькi за зручнае размяшчэнне дома. Нацягнуўшы зверху свайго адзення жаночы ўбор, ён выйшаў на вулiцу праз чорны ход, пакiнуўшы яго незачыненым. Сустрэўшы Гейтвуда i забраўшы грошы, ён бегма вярнуўся ў пад'езд, скiнуў жаночыя шмоткi i выслiзгнуў праз парадныя дзверы яшчэ да таго, як мы пачалi расстаўляць вакол квартала сваю дзiравую сетку. Не выключана, што, убачыўшы машыну О'Гара i Тоўда, ён забягаў у падваротнi.
Мяркуючы па апiсаннi, Лейтан быў чалавек прыемнай знешнасцi, высокi (пяць футаў i восем цi дзевяць дзюймаў), цемнавалосы i цемнавокi; калi яго некалькi разоў бачылi суседзi па доме, на iм быў карычневы касцюм i светла-карычневы фетравы капялюш.
