Прабiла дзесяць гадзiн - навiн анiякiх.

Да гэтага часу ад упартасцi i самаўпэўненасцi Гейтвуда мала што засталося: ён пачаў нiякавець на вачах. Трывожнае чаканне падкасiла яго, а спiртное даканала канчаткова. Слоў няма, чалавек ён быў агiдны ва ўсiх адносiнах, але ў тую ранiцу мне стала яго шкада.

Я патэлефанаваў у агенцтва i атрымаў справаздачы дэтэктываў, якiя займалiся сябрамi Одры. Апошняй бачыла яе Агнес Дэйнджэрфiлд - Одры iшла адна па Маркет-стрыт у раёне, дзе яна перасякалася з Шостай вулiцай памiж васьмю з чвэрцю i без чвэрцi дзевяць таго самага злашчаснага вечара. Одры была даволi далёка, i Агнес сяброўку не аклiкнула.

Больш хлопцам нiчога цiкавага даведацца не ўдалося; па расказах знаёмых, Одры была дзяўчына распешчаная, неўраўнаважаная i не надта разборлiвая ў знаёмствах - сапраўдная знаходка для нягоднiкаў i вымагальнiкаў.

Наступiў поўдзень. Нiчога новага. Мы патэлефанавалi ў газеты i далi дазвол на публiкацыю матэрыялаў пра выкраданне, дадаўшы тое, што стала вядома ў апошнiя гадзiны.

Гейтвуд быў зломлены; ён сядзеў, падпёршы галаву рукамi i тупа ўтаропiўшыся ў прастору. Калi я збiраўся ад'язджаць, каб праверыць здагадку, якая прыйшла мне ў галаву, ён раптам падняў вочы i зiрнуў на мяне - я нiколi яго не пазнаў бы, калi б яго ператварэнне не адбылося на маiх вачах.

- Што, што з ёю здарылася?

У мяне не хапiла духу падзялiцца з iм сваiмi меркаваннямi, таму я сказаў некалькi агульных фраз, каб яго супакоiць, i пайшоў.

На таксi я даехаў да гандлёвага цэнтра. Там я абышоў пяць самых буйных унiверсальных крамаў, заглядваючы ў аддзелы жаночага адзення, ад абутку да капялюшыкаў, i спрабуючы высветлiць, цi не было ў iх за апошнiя некалькi дзён пакупнiка мужчыны - i перш за ўсё такога, якi адпавядаў бы апiсанню Лейтана, што набыў жаночыя рэчы памеру Одры.



11 из 16