
Прафесар МакГонагал здрыганулася, але Дамблдор, які ў гэты час займаўся раздзяленнем дзвюх зліпшыхся долек, гэтага не прыкмеціў.
- Усё толькі мацней заблытваецца, калі мы завем яго "Самі-Ведаеце-Хто". Я не бачу ніякіх прычын, чаму б мы не маглі вымаўляць імя Вальдэморта.
- Так, так, вядома, - прафесар МакГонагал адначасова і жахалася, і захаплялася адвагай Дамблдора, - але вы адрозніваецеся ад астатніх. Усім вядома, што вы адзіны, каго Самі-Ведаеце… ну добра, Вальдэморт, баяўся.
- Вы мне ліслівіце, - спакойна адказаў Дамблдор, - у Вальдэморта былі такія магчымасці, якіх у мяне ніколі не будзе.
- Толькі таму, што вы занадта - ммм - высакародны, каб імі скарыстацца.
- Як добра, што зараз цёмна. Я не чырванеў так з тых часоў, як пачуў ад мадам Помфры, што ёй падабаюцца мае новыя вушныя заткалы.
Прафесар МакГонагал кінула на Дамблдора востры погляд:
- Совы - нішто ў параўнанні з чуткамі, якія носяцца. Вы ведаеце, што ўсе гавораць? Пра тое, чаму ён знік? Пра тое, што яго ў рэшце рэшт спыніла?
Было прыкметна, што прафесар МакГонагал нарэшце падышла да тэмы, якая хвалюе яе больш за ўсё і якая была сапраўднай прычынай, чаму яна ўвесь дзень праседзела на халодным каменным плоце - ні ў выглядзе кошкі, ні ў выглядзе жанчыны, яна яшчэ ні разу не глядзела на Дамблдора больш пільна. Было зразумела, што, незалежна ад таго, што гавораць "усе", сама яна не збіраецца верыць гэтаму, перш, чым атрымае пацверджанне ад Дамблдора. Дамблдор, між тым, моўчкі паклаў сабе ў рот цытрынавую дольку.
- Гавораць, - настойліва працягвала прафесар МакГонагал, - што мінулай ноччу Вальдэморт абвясціўся ў Годрыкавай Западзіне. Калі верыць чуткам... Ён прыйшоў за Потэрамі . І Лілі і Джэймс Потэры – яны… яны - загінулі.
Дамблдор кіўнуў галавой. Прафесар МакГонагал войкнула.
- Лілі і Джэймс… не можа быць… я не жадала гэтаму верыць… Ох, Альбус…
