
Дамблдор працягнуў руку і папляскаў яе па плячы.
- Я разумею… разумею… - здушана вымавіў ён.
Прафесар МакГонагал працягвала казаць, але голас яе дрыжэў:
- Гэта яшчэ не ўсё. Гавораць, ён спрабаваў забіць сына Потэраў, Гары. Але не змог. Не змог забіць маленькага хлопчыка. Ніхто не ведае, як і чаму, але гавораць, што, калі Вальдэморт не змог забіць Гары, яго чары нейкім чынам рассеяліся - і таму ён знік.
Дамблдор змрочна кіўнуў.
- Гэта… праўда? - завагаўшымся голасам вымавіла прафесар МакГонагал. - Пасля ўсяго, што ён зрабіў… пасля таго, як ён забіў столькіх з нас… не змог забіць маленькае дзіця? Гэта проста дзіўна… каб яго чары разбурыў менавіта маленькіх хлопчык. Але якім цудам Гары атрымалася выжыць?
- Нам застаецца толькі здагадвацца, - адказаў Дамблдор. - Магчыма, мы гэтага так ніколі і не пазнаем.
Прафесар МакГонагал дастала карункавую хустачку і прынялася выціраць вочы пад акулярамі. Дамблдор гучна ўсхліпнуў, выцягнуў з кішэні залаты гадзіннік і паглядзеў на яго. Гэта быў вельмі дзіўны гадзіннік. На ім было дванаццаць стрэлак і ніякіх лічбаў; замест лічбаў па колу рухаліся маленькія выявы планет. Тым не менш, Дамблдор, мабыць, добра разбіраўся ў сваім гадзінніку, таму што неўзабаве прыбраў яго ў кішэню і прамовіў:
- Хагрыд спазняецца. Між іншым, гэта ён сказаў вам, што я буду тут?
- Так, - адказала прафесар МакГонагал, - і, думаю, вы наўрад ці прызнаецеся, чаму менавіта тут?
- Я прыйшоў, каб аддаць Гары яго дзядзьку і цётцы. Гэта адзіныя сваякі, якія ў яго засталіся.
- Толькі не яны… Толькі не тыя людзі, што жывуць у гэтым доме! - ускрыкнула прафесар МакГонагал, ускокваючы на ногі і паказваючы на дом №4. - Дамблдор… вы не можаце. Я назірала за імі ўвесь дзень. Немагчыма знайсці людзей, якія былі б менш падобныя да нас. І яшчэ гэты іхні сын!.. Я бачыла, як ён штурхаў маці нагамі, патрабуючы цукерак, усю дарогу, пакуль яны ішлі па вуліцы. Каб Гары Потэр жыў з імі!
