- Тут яму будзе лепш за ўсё, - адрэзаў Дамблдор. - Яго дзядзька і цётка змогуць растлумачыць яму ўсё пазней, калі ён трохі падрасце. Я напісаў ім ліст.

- Ліст? - слабым голасам перапытала прафесар МакГонагал, зноў апускаючыся на агароджу. - Вы што, Дамблдор, думаеце, што гэта можна растлумачыць у лісце? Гэтыя людзі ніколі не зразумеюць яго! Ён будзе знакамітасцю, легендай, я не здзіўлюся, калі ў будучыні сённяшні дзень назавуць Днём Гары Потэра – пра гэты дзень напішуць кнігі - яго імя будзе ведаць кожнае дзіця!

- Цалкам дакладна, - Дамблдор сур'ёзна паглядзеў з-пад акуляраў. - І гэтага досыць, каб ўскружыць галаву кожнаму. Стаць знакамітым раней, чым навучышся хадзіць і казаць! Знакамітым з-за чагосьці, чаго сам не можаш успомніць! Хіба вы не разумееце, наколькі яму ж самому будзе лепш, калі ён вырасце ўбаку ад падобнай шуміхі і даведаецца праўду тады, калі будзе ў стане сам ва ўсім разабрацца?

Прафесар МакГонагал жадала было нешта запярэчыць, але раздумала. Памаўчаўшы, яна сказала:

- Так-так, вядома, вы маеце рацыю, Дамблдор. Але як хлопчык патрапіць сюды?

Яна падазрона агледзела яго мантыю, як быццам шукаючы пад ёй абрысы дзіцячага цела.

- Яго прывязе Хагрыд.

- Вы думаеце, гэта разумна - давяраць Хагрыду такія важныя рэчы?

- Я б даручыў Хагрыду сваё жыццё, - сказаў Дамблдор.

- Я не кажу, што ў яго няма сэрца, - неахвотна растлумачыла прафесар МакГонагал, - але вы не можаце заплюшчваць вочы на тое, што ён вельмі неасцярожны. Ён заўсёды імкнуўся… А гэта яшчэ што такое?

Нізкі ракочучы гук парушыў цішыню вуліцы. Пакуль Дамблдор і прафесар МакГонагал азіраліся па баках, чакаючы ўбачыць святло фар, гук станавіўся ўсё грамчэй; неўзабаве ён стаў сапраўдным ровам, тады яны паглядзелі ўверх - і тут з неба на дарогу зваліўся вялізны матацыкл.

Матацыкл быў вялізны, але падаваўся малюсенькім у параўнанні са сваім наезнікам.



13 из 245