
- Вядома, вядома, гэта вельмі сумна, але толькі вазьмі сябе ў рукі, Хагрыд, не тое нас прыкмецяць, - зашаптала прафесар МакГонагал, падбадзёрваючы Хагрыда дотыкам рукі, у той час як Дамблдор пераскочыў праз нізенькую садовую агароджу і накіраваўся да ўваходных дзвярэй. Ён акуратна паклаў Гары на парог, выцягнуў з кішэні мантыі ліст, прасунуў яго паміж коўдрамі і вярнуўся да сваіх спадарожнікаў. Цэлую хвіліну яны моўчкі глядзелі на малюсенькі скрутак; плечы Хагрыда скалыналіся ад рыданняў, прафесар МакГонагал адчайна міргала,каб не заплакаць, а мігатлівае святло, якое звычайна струменілася з вачэй Дамблдора, падавалася, згасла.
- Што ж, справа зробленая, - нарэшце сказаў Дамблдор. - Заставацца больш няма чаго. Лепш пойдзем і далучымся да свята.
- Ага, - у Хагрыда быў заплаканы голас. - Мне яшчэ трэба вярнуць Сірыусу яго калымагу. Д'пабачэння, прафесар МакГонагал, прафесар Дамблдор, сэр.
Абціраючы ручаі слёз скураным рукавом, Хагрыд перакінуў нагу праз сядзенне і штурхялём завёў рухавік; з ровам матацыкл узняўся ў паветра і знік у начы.
- Спадзяюся, хутка ўбачымся, прафесар МакГонагал, - пакланіўся Дамблдор. Прафесар МакГонагал у адказ высмаркалася ў хустачку.
Дамблдор павярнуўся і пайшоў прочкі ўздоўж вуліцы. На вуглу ён спыніўся і выцягнуў срэбную гасілку. Ён пстрыкнуў усяго адзін раз - і дванаццаць светлавых шароў імгненна ўкаціліся ў колбы вулічных ліхтароў, так што Прайвет Драйв заззяла памяранцавым святлом, і ён змог убачыць паласатую кошку, якая зварочвала за вугал на іншым канцы вуліцы. На парозе дома №4 ледзьве віднеўся маленькі скрутак.
- Поспехаў табе, Гары, - прамармытаў Дамблдор, разгарнуўся на абцасах - мантыя прасвістала ў паветры - і знік.
Лёгкі ветрык паварушыў акуратна падстрыжаныя кусцікі Прайвет Драйв, маўклівай і ахайнай пад чарнільнымі нябёсамі.
