
Дадлі адразу перастаў плакаць.
Праз паўгадзіны Гары, які дагэтуль не верыў свайму шчасцю, сядзеў на заднім сядзенні разам з Дадлі і Пірсам і ехаў у заапарк, упершыню ў жыцці. Дзядзька з цёткай так і не прыдумалі, куды б яго сплавіць. Перад выхадам дзядзька Вернон адвёў Гары ў бок.
- Папярэджваю, - прашыпеў ён, наблізіўшы вялікі барвяны твар да твару Гары, - папярэджваю цябе, хлопец - які-небудзь фокус, якая-небудзь з тваіх штучак - і ты не выйдзеш з каморы да Калядаў.
- Ды я і не збіраўся, - запэўніў яго Гары, - сапраўды…
Але дзядзька Вернон не паверыў яму. Ніхто ніколі не верыў.
Бяда ў тым, што з Гары вечна адбывалася нешта дзіўнае, і было бяссэнсоўна, што ён тут ні пры чым.
Аднойчы, напрыклад, цётка Пятуння, убачыла, што Гары заўсёды прыходзіць з цырульні такім, быццам і не стрыгся зусім, абкарнала яго кухоннымі нажніцамі настолькі, што ён стаў амаль зусім лысым, калі не лічыць пасмы, пакінутай, "каб прыхаваць гэты агідны шнар". Дадлі ледзь не апісаўся ад смеху пры выглядзе Гары, а той правёў бяссонную ноч, уяўляючы, як на наступны дзень пойдзе ў школу, дзе з яго і так усе смяяліся з яго вопраткі не па памеры і залепленых акуляраў. Аднак, на наступную раніцу выявілася, што валасы сталі дакладна такімі ж, як і раней, да эксперыментаў цёткі Пятунні. За гэта яго на тыдзень схавалі ў камору, хоць ён і спрабаваў запэўніць, што не можа растлумачыць, як валасы змаглі адрасці так хутка.
Іншым разам цётка Пятуння жадала апрануць яго ў агідны стары швэдар, які належыў Дадлі (карычневы з рудымі грыбамі-порхаўкамі). Чым больш высілкаў яна прыкладала, каб нацягнуць швэдар Гары на галаву, тым менш, падавалася, станавіўся швэдар, пакуль не зрабілася зразумела, што ён не налезе нават на ляльку, не тое што на Гары. Цётка Пятуння вырашыла, што швэдар, мабыць, сёў пры мыцці і Гары, з палёгкай зразумеў, што пазбегне пакарання.
